Змены ў заканадаўстве: каб шкоднае прадпрыемства закрылі, трэба будзе дачакацца ахвяраў


За апошнія гады ўсё большая частка беларусаў пачала па-іншаму глядзець на праблемы навакольнага асяродку. На жаль, рухавіком гэтага працэсу стала не столькі абуджаная «зялёная» свядомасць, колькі крытычная неабходнасць – на мапе Беларусі з’явіліся новыя гарачыя ў экалагічным плане кропкі.

На апошнюю акцыю пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці прыйшло больш за 200 чалавек. Людзі спрабуюць адстаяць свае правы на чыстае наваколле, карыстаюцца рознымі метадамі. Але ў хуткім часе адная з магчымасцяў можа стаць недасяжная. Можа змяніцца заканадаўства ў галіне абароны наваколля – прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў і грамадзяне больш не змогуць абараняць у судзе некаторыя экалагічныя правы.

«Раней любы чалавек ці арганізацыя маглі звярнуцца ў суд з патрабаваннем спыніць працу прадпрыемства, якое нясе экалагічную небяспеку. Цяпер у парламент трапілі прапановы аб зменах у законапраект аб ахове навакольнага асяродку, дзе як раз вось гэтае права проста выкідаецца. Фактычна застаецца магчымасць звяртацца ў суд, калі навакольнаму асяродку ўжо нанесеная шкода», – патлумачыў суразмоўца вядоўцы праграмы «Размова дня» Усевалада Сцебуракі юрыст некамерцыйнай экалагічнай арганізацыі «Экадом» Рыгор Фёдараў.

«Людзі, якія лічаць, што іхныя экалагічныя правы парушаныя, дзеляцца на дзве катэгорыі. Адныя могуць затэлефанаваць у экалагічную арганізацыю і сказаць: «Я бачу тут пэўную экалагічную праблему, вы, калі ласка, пазаймаецеся ёй». І далей знікаюць. Такія людзі мала чаго могуць дамагчыся. Іншая справа – людзі, якія не толькі бачаць праблему, не толькі заўважаюць, што іх правы парушаныя, але і гатовыя неяк у развязанні праблемы браць удзел. У гэтым выпадку нечага людзі могуць дамагчыся. У Калодзішчах пад Менскам, напрыклад, людзі дамагліся таго, што завод «Амкадор» змяніў планы забудовы», – дадаў эксперт.

Таксама ў праграме «Размова дня»:

– Ці варта прыплятаць палітыку да змагання з акумулятарным заводам у Берасці?

– Якім чынам удалося адстаяць зялёную зону ў Калодзішчах?

– Чаму жыхары Краснасельску не пажадалі пратэставаць супраць шкоднай вытворчасці побач з імі?