Змены ў «дармаедскі дэкрэт»: Лукашэнка запрагае «белага каня»


Да 1 кастрычніка павінны быць прадстаўленыя змены ў «дармаедскі» прэзідэнцкі дэкрэт. А дэпутаты ППНС дагэтуль ня ведаюць, якім будзе гэты дакумент, хаця змены ў дэкрэт будуць зацвярджацца ў Палаце.

«Але з прамоваў прэзідэнта можна зрабіць выснову, што нічога кардынальна не памяняцца. Бо Лукашэнка працягвае казаць, што «хто не хоча – нахілім», – адзначае Дзяніс Ціханенка, памочнік дэпутата Ганны Канапацкай.

Ці наступяць улады на тыя самыя граблі, справакаўшы новыя акцыі пратэсту? Частка апазіцыі, Беларускі нацыянальны кангрэс, ужо кліча людзей на вуліцу 21 кастрычніка.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы заявіў, што выкананне дэкрэту будзе ўскладзена на мясцовыя ўлады: «То бок, Лукашэнка вырашыў зняць з сябе адказнасць за дэкрэт, які быў яго ініцыятывай. Хоча выехаць з сітуацыі на »белым кані«. Як звычайна, калі нешта не так: я добры, баяры дрэнныя. Гэта ягоная ўласцівасць – не прызнаваць памылак», – кажа памочнік дэпутата.

А што калегі Ганны Канапацкай у Палаце прадстаўнікоў? Супраць прагаласуе яшчэ толькі Алена Анісім, прагназуе Дзяніс Ціханенка.

Падрабязней пра гэта, пра боязь дэпутатаў нават абмяркоўваць такія тэмы, як дэкрэт супраць «дармаедаў», чаму вулічныя пратэсты здарацца не ўвосень, а ўвесну – у «Размове дня» са Святланай Калінкінай.