Злучаныя Штаты маюць новую стратэгію адносна КНДР


Вашынгтон будзе ўводзіць аператыўныя і больш жорсткія санкцыі супраць рэжыму Кім Чэн Ына ў выпадку новых ваенных правакацыяў. Адначасова з тым адміністрацыя ЗША застаецца адкрытай для перамоваў з Паўночнай Карэяй. Гэтая стратэгія знайшла ўхваленне і ў Кітаі.

Поўны дэмантаж ядравых і ракетных праграмаў КНДР дзеля абароны сваіх саюзнікаў. Такой мэты адміністрацыя Злучаных Штатаў будзе дамагацца з дапамогаю дыпламатыі ды пагрозаю санкцыяў. У Вашынгтоне кажуць пра розныя магчымасці: ад пагрозы вяртання КНДР у спіс краінаў-пасобнікаў тэрарызму да пераконвання Пекіну мацней ціснуць на Пхеньян эканамічна і палітычна.

«Як ужо ясна сказалі прэзідэнт Трамп і міністр абароны Мэтыс, усе варыянты разглядаюцца. Мы хочам прывесці Кім Чэн Ына да прытомнасці, а не паставіць на калені», – кажа камандуючы ціхаакіянскаю групоўкаю ЗША Гэры Гэрыс.

У Кітаі прывіталі больш лагодны план дзеянняў амерыканцаў.

«Мы спадзяемся, што ўсе, хто мае дачыненне да пытанняў Карэйскага паўвострава, заўважылі мэсідж Злучаных Штатаў. Дыялог і кансультацыі – гэта адзіны правільны шлях развязання карэйскай ядравай праблемы», – мяркуе Гэн Шуан з МЗС Кітаю.

Карэйская праблема ўзмацняецца з кожным ядравым і ракетным выпрабаваннем КНДР. Некалькі мінулых гадоў адноснага замірэння і нават эканамічнай супрацы між дзвюма Карэямі дазволілі рэжыму Кім Чэн Ына назапасіць дастаткова рэсурсаў, каб цяпер перайсці да адкрытых пагрозаў бамбіць Сеул і Токіа, а калі ў КНДР даробяць міжкантынентальную балістычную ракету, – то і кантынентальную Амерыку.

«На гэтым тыдні КНДР пагражала ядравым ударам Аўстраліі. Моцны напамін міжнароднай супольнасці, што паўночнакарэйскія ракеты нацэленыя ва ўсіх кірунках. Адзіная краіна, што выпрабоўвала ядравую зброю ў гэтым стагоддзі, КНДР рашуча распрацоўвае зброю нападу – больш за 60 ракетных стартаў за апошнія гады. З кожным тэстам Кім Чэн Ын набліжаецца да ўласнага абяцання правесці прэвентыўны ядравы ўдар па амерыканскіх гарадах», – тлумачыць Гэры Гэрыс.

Каб прывесці Кім Чэн Ына да прытомнасці, Злучаныя Штаты перакінулі да карэйскіх берагоў дадатковыя ваенныя караблі, у тым ліку авіяносец «Карл Вінсан» і субмарыну «Мічыган». А ў паўднёвакарэйскай правінцыі Сонгчу на былым полі для гольфу ўжо разгортваюць амерыканскую проціракетную сістэму THAAD, здольную збіваць ракеты з КНДР.

«Частковае разгортванне проціракетнай сістэмы не азначае, што яна будзе выпрабаваная, але мы насамрэч атрымалі магчымасць супрацьстаяць КНДР у выпадку яе правакацыяў», – заявіў прадстаўнік мінабароны Паўднёвай Карэі Мун Санг Гʼюн.

Супраць разгортвання гэтай проціракетнай сістэмы выступае Пекін. Амерыканскія радары ў Паўднёвай Карэі будуць дасягаць значнай часткі Кітаю. І ўвогуле зніжаецца наступальны патэнцыял кітайскіх войскаў.

«Кітай выступае супраць разгортвання проціракетнай сістэмы THAAD у Паўднёвай Карэі, бо гэта падрывае рэгіянальны стратэгічны баланс і стабільнасць. Кітай працягне праводзіць вайсковыя вучэнні і выпрабоўваць падчас іх новыя тыпы ўзбраенняў ды тэхнікі для сваёй баявой гатовасці», – кажа Ян Юй Цзюнь з мінабароны Кітаю.

Сітуацыя пагрозлівая, аднак усе ўдзельнікі канфлікту ўсведамляюць ступень небяспекі ў выніку адкрытага супрацьстаяння. Той жа Сеул Паўночная Карэя можа зруйнаваць не ракетамі, а традыцыйнаю артылерыйскаю зброяй. Таму, паводле ваенных аналітыкаў, праціўнікі абмяжуюцца пагрозамі без пераходу на скрайнія захады.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»