Злотнікаў: Крэдыт на квартал. Кіеў яднаецца з НАТА, Расейская гібрыдная вайна і Беларусь


Расейскі тупік Лукашэнкі

Больш чым за 20 гадоў панавання Аляксандра Лукашэнкі ў прэзідэнцкім апараце склалася няпісанае правіла: першы пасля перавыбараў замежны візіт Лукашэнка робіць у Маскву. Але ў гэты раз усё пайшло не так, маскоўскі візіт адмянілі, і Лукашэнка трапіў у Крэмль не ў лістападзе, як было запланавана, а толькі на гэтым тыдні. Адначасова з тым міністра замежных справаў Беларусі на высокім узроўні прынялі ў Бруселі. У якія вонкавыя гульні гуляе з суседзямі Менск, разбіраўся Яраслаў Сцешык. Каментуюць расейская палітолаг Вольга Лаўрыненка і Арцём Шрайбман, палітычны аглядальнік парталу tut.by

Леанід Злотнікаў: «Калі мы і атрымаем расейскі крэдыт – яго хопіць на квартал»

Беларускі эканаміст лічыць, што Беларусь спажывае ў месяц на $ 600-800 млн долараў больш, чым дазваляе эканоміка. Леанід Злотнікаў у студыі каментуе вынікі візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву і прэзентуе вынікі даследавання «Беларусы выбіраюць Еўропу».

Ісламская кааліцыя супраць «Ісламскай дзяржавы»

Адразу трыццаць чатыры ісламскія краіны з ініцыятывы Саудаўскай Аравіі абвесцілі пра пачатак супольнай барацьбы з тэрарыстамі. Гэта ўжо кааліцыя супраць гэтак званай «Ісламскай Дзяржавы», якой, паводле Барака Оўбамы ўжо не стае сілаў на актыўныя баявыя дзеянні. Аднак да перамогі яшчэ вельмі далёка. Усевалад Шлыкаў. Каментуе Яўген Красулін, даследчык нееўрапейскіх цывілізацыяў.

Кіеў бліжэй НАТО

Украіна – не ў НАТО, але на сустрэчы гэтага вайсковага блоку яе чакаюць. Зрэшты, дачыненні нашага паўднёвага суседа з Паўночнаатлантым альянсам цёплыя даўно. Але цяпер іх падагравае яшчэ і канфлікт Украіны з Расеяй. Як нашыя заходнія суседзі яднаюцца вайскова і палітычна з Кіевам – Ганна Любакова. Каментуе Багдан Ярэменка з фундацыі «Майдан замежных справаў», Кіеў.

Расея прымушае Беларусь да прыязнага стаўлення, але не будзе дэстабілізаваць як Украіну

Гібрыдная вайна – усе чулі гэты тэрмін, які стаў папулярным пасля пачатку агрэсіі Расеі супраць Украіны. Але ці ўсе ведаюць што ён значыць? Чаму беларусам трэба быць пільнымі і на што звяртаць увагу?Размова Сяргея Пелясы з доктарам Марэкам Мадэям, даследчыкам праблемаў міжнароднай бяспекі з Варшаўскага ўніверсітэту.

Пачатак рэвалюцыі

Трэція ў гісторыі Саудаўскай Аравіі, але гістарычныя выбары. Упершыню права выбіраць і быць абранымі мелі жанчыны. Аднак такія змены супярэчаць кансерватыўнаму ісламу суніцкага кірунку, а сам Вялікі муфцій Аравіі параўнаў далучэнне жанчын да палітыкі з «адчыненнем дзвярэй злу». Як праходзілі выбары ў краіне, дзе 75 % нацыянальнага даходу дае нафта і дзе месцяцца Мекка і Мэдына? Аліна Коўшык.

Парыжскі пратакол зменшыць парніковы эфект?

Шматлікія краіны ў Парыжы самі, без аніякага прымусу, дамовіліся скараціць выкіды парніковых газаў. Беларусь на сусветным фоне выглядае няблага. Але выглядаць няблага – ужо мала. Цяпер дзяржавы павінныя знізіць выкід двухвокісу вугляроду самастойна, без аніякага прымусу, калі нішто не пагражае зверху. Апроч сонца. Матэрыял Дзяніса Дзюбы. Каментуе Святаслаў Валасюк з Цэнтру экалагічнай эканомікі Варшаўскага ўніверсітэту.