«Жыццё мацнейшае. Жыве Беларусь!» Як жыхары ЖК «Магістр» апынуліся ў «гета»


Сталічны жыллёвы комплекс «Магістр» трапіў у спіс двароў, дзе, на думку дзяржавы, неабходна дадатковае забеспячэнне грамадскага парадку.

Каб пазбегчы пераследу, жыхары папрасілі не называць іхных імёнаў.

«Аднойчы прачынаемся мы ранкам і глядзім, што на ўваходах у нашае «гета» стаяць шыльдачкі. На некаторых было напісана, здаецца: «Вы ўваходзіце ў гета такое-то», – распавядае нам жыхарка «Магістру».

Цяпер ніхто не здзіўляецца з’яўленню тут міліцэйскіх машынаў. Жыхары нам распавялі, што рэйды для выяўлення нацыянальнай сімволікі ў вокнах здараюцца і па начох:

«Хлопца забралі. Былі чуткі, што яго на Акрэсціна забралі, – распавядаюць гісторыі жыхары «Магістру». – Але ў выніку ён прасядзеў у РУУСе, і яму далі 30 базавых – пікетаванне!»

Мaю прaвa
Дом з БЧБ-плотам размалявалі свастыкамі. Уласнікі падазраюць сілавікоў
2020.12.11 19:05

Шмат хто з беларусаў на знак пратэсту не плаціць за камунальныя паслугі. Да тых «магістрантаў», якія маюць на камунальных рахунках запазычанасць, прыходзяць невядомыя і адключаюць электрычнасць. Пра такую сустрэчу з камунальнікамі нам распавядае жыхарка пратэставага двара.

«Кажу ім, заўтра ў мяне будзе заробак, і я пакрыю запазычанасць. Не, яны ўзялі і адключылі. А сёння а 9-й раніцы ў дамафон пазваніла аварыйная служба наконт святла. То бок яны самі адключылі і самі пакінулі заяўку… Я не разумею, як гэта працуе ў іх», – кажа мясцовая жыхарка.

У «Магістры» ўсе кватэры арэндныя. І менавіта цяпер жыхарам вырашылі памяняць умовы арэнды ды прымушаюць падпісаць новыя дамовы:

«Пазначана, што ў кватэры забараняюцца любыя інфармацыйныя і рэкламныя матэрыялы. А таксама на лоджыі. Пад паняцце «інфармацыйныя матэрыялы» можа падпадаць усё што заўгодна, – каментуе новыя дамовы адна з жыхарак «Магістра». – У дамове ёсць яшчэ пункт 9.4, дзе так і напісана, што ў выпадку невыканання пункту 18 нас могуць выселіць».

Гэтым падзеям папярэднічала больш за 40 абсалютна розных дваравых сустрэчаў, якія жыхары арганізавалі ўвосень. Суседзі частаваліся гарбатаю, супамі, дранікамі ды нават мяса смажылася на мангале. Раней камунальнікі не звярталі ўвагі на лавы, што даўно не памяталі фарбы. За добраўпарадкаванне ўзяліся жыхары. Цяпер камунальнікі ўпарта перафарбоўваюць бел-чырвона-белыя лавы ў зялёныя.

Але нягледзячы на пільны нагляд, у самым цэнтры «Магістра» на камені з’явіўся партрэт загінулага жыхара плошчы Пераменаў Рамана Бандарэнкі.

Супрацьстаянне працягваецца і ў пад’ездах. Кагосьці нервуюць нават беларускамоўныя правілы карыстання ліфтам.

«Тут цудоўна прапісаныя гэтыя правілы, і пры канцы напісана «Жыве Беларусь!». Цудоўна! Але камусьці гэта не вельмі падабаецца, і яны зрываць, – распавядае нам жыхарка «Магістру». – Праз некаторы час мы наноў заклейваем, людзі зноў абрываюць, а там падкладка: «Жыццё мацнейшае. Жыве Беларусь!»

«Магістранты» перакананыя: досвед, атрыманы ў гэтым супрацьстаянні, працуе на будучыню.

«Ёсць згуртаванне, якое можа сумесна прымаць рашэнні і выносіць на парадак дня гораду, раёну свае патрабаванні і пажаданні. Гэта звязана з разуменнем грамадзяніна, які актыўна ўдзельнічае ў грамадскім і публічным жыцці. Мы да гэта імкнемся», – сказаў нам на развітанне жыхар пратэставага «Магістра».

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Пачалі караць за нацыянальную сімволіку ў вокнах і на гаўбцах
  • Пра паўнамоцтвы таварыстваў уласнікаў – у рубрыцы «Ведай свае правы!»
  • Моладзь пераследуюць паводле крымінальных артыкулаў

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.