Журналісты, палітолагі, гісторыкі, духавенства пра знішчэнне Курапатаў. Спецвыданне «Студыі Белсат»


У Курапатах зносяць крыжы, народны мемарыял ачэплены АМАПам. Навіна раніцай абляцела ўсю Беларусь. У месца масавых расстрэлаў сталі з’язджацца актывісты, журналісты, дэпутаты, праваабаронцы, палітыкі. У выніку міліцыя затрымала 15 асобаў, у тым ліку Паўла Севярынца, Дзяніса Урбановіча, Змітра Дашкевіча, Ніну Багінскую ды іншых.

00:29 – Хроніка сённяшніх падзеяў ва ўрочышчы Курапаты, дзе ляжаць ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў, – у матэрыяле ад Галіны Абакунчык.

03:22 – Аднымі з першых выказаліся прадстаўнікі праваслаўнай, каталіцкай і ўніяцкай цэркваў.

З адмысловаю заявай выступіў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Кіраўнік Касцёлу ў Беларусі заклікаў адказных за руйнаванне крыжоў тэрмінова спыніць гэтыя дзеянні ды распачаць працэс урэгулявання сітуацыі:

«Акцыя зносу крыжоў праводзіцца падчас Вялікага посту, калі ўсе хрысціяне свой позірк скіроўваюць на Крыж Хрыста – знак нашага збаўлення і надзеі. З крыжам ваявалі атэісты, нішчылі яго. На вялікі жаль сёння, калі афіцыйна няма дзяржаўнай ідэалогіі атэізму, яна зноў рэальна праяўляецца».

Прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін у каментары Радыё Свабода выказаў здзіўленне, што Міністэрства культуры не ведае, што сёння адбывалася ў Курапатах:

«Мяне сітуацыя вакол Курапатаў і крыжоў вельмі непакоіць… Я здзіўлены, што ніхто не каментуе, што там адбываецца і на падставе якіх дакументаў. Гэта помнік культуры, і ўлады мусяць адказваць».

«Крыжаломам» назвалі падзеі ў Курапатах уніяты. Руйнаванне крыжоў пракаментаваў апостальскі візітатар грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей (Гаека):

«Вялікі Пост для ўсіх хрысціянаў – гэта час асаблівага ўшанавання Крыжа Ісуса Хрыста. Сёння, 4 красавіка 2019 г., хрысціяне Беларусі з болем і жахам глядзяць на крыжалом у Курапатах. Прыбіты да крыжа Ісус сказаў: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць».

05:08 – Пра тое, што крыжы мусілі захаваць, у інтэрвʼю Радыё Свабода выказаўся скульптар Сяргей Аганаў, які ўзначальваў калектыў аўтараў помніка ў месцы масавых расстрэлаў:

«Крыжы там нікому не перашкаджаюць. На маю думку як мастака, яны ствараюць асаблівы вобраз гэтага месца. У мяне, як у верніка, ніколі б рука не паднялася зносіць крыж. Пры распрацоўванні помніка мы ўлічвалі, што народны мемарыял мусіць там застацца».

05:37 – Наступам на ўсю грамадскую ініцыятыву сённяшнія падзеі ў Курапатах у каментары выданню «Наша Ніва» назвала пісьменніца, нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч:

«І дзяржава не хоча з гэтым мірыцца, асабліва перад выбарамі… Курапаты – унікальны народны помнік. Сам народ знайшоў яму форму, сам народ ваяваў за яго, адваяваў яго. Нічога падобнага, колькі б я ні ездзіла па свеце, я не бачыла. І яны думаюць, што паставяць кавалак гэтага казённага каменю і людзі пойдуць туды плакаць? Не, гэтага не будзе ніколі. І нават таму гэта злачынства».

06:15 – Як падапечныя Ігара Шуневіча сёння затрымлівалі абаронцу Курапатаў, сустаршыню БХД Паўла Севярынца, пабачым ужо зараз – вашай увазе фрагмент відэатрансляцыі, якую Павал вёў да самага апошняга моманту, пакуль не быў затрыманы АМАПам.

10:20 – Ганна Шапуцька, абаронца Курапатаў:

«Людзі стаяць і не разыходзяцца пасля вялікай курапацкай малітвы за Беларусь. Людзі ўзрушаныя тым, што ўлада пайшла на такое злачынства, пайшла на знішчэнне крыжоў, пайшла на такі беспрэцэдэнтны крок. Я не ведаю, ці ёсць у якой-небудзь краіне такая ўлада, якая падыме руку на памяць сваіх закатаваных продкаў. На вялікі жаль такая ўлада ёсць у нас у Беларусі…»

17:13 – А як паставіліся жыхары Менску да сённяшняга руйнавання крыжоў? НІХТО з апытаных «Белсатам» не падтрымаў дзеянняў улады.

19:03 – На сувязі са Студыяй гісторык, даследчык масавых расстрэлаў у Курапатах Ігар Кузняцоў:

«Пуцін адкрываў мемарыял «Стену Скорби» у мінулым годзе, 30 кастрычніка, на дзень памяці ахвяраў рэпрэсіяў. І гэты памятны знак, які сёння стаіць у Курапатах, места прымірэння, ён цяпер выклікае спрэчку – такога не можа быць! Не павінна быць! Ва ўсіх былых савецкіх рэспубліках устаноўленыя дні памяці, акрамя Беларусі! У Кіргізіі! Ва Узбекістане! Тут няма ніякіх тлумачэнняў. Тое, што сёння здарылася – серыя актаў дзяржаўнага вандалізму!..»

26:26 – Лукашэнка сказаў: крыжоў быць не павінна – чыноўнікі кінуліся выконваць загад. Прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант кажа, што ў Курапатах будзе зроблена ўсё, каб гэтае месца выглядала годна, але без усякай палітыкі. А што такога загадаў Лукашэнка 1 сакавіка падчас гэтак званай Вялікай размовы? З інтэрнэт-старонкі кіраўніка дзяржавы гэты кавалак відэа выдалілі, але інтэрнэт памятае ўсё:

«Я даручыў узяцца за Курапаты – устанавіць невялікі помнік загінулым, зрабіць там нешта душэўнае, як звычайна, без вялікіх затратаў, каб увекавечыць гэтае месца. Аднак пасля гэтага на мяне абрынуўся цэлы шквал: аааа, улады хочуць перахапіць ініцыятыву, нам не трэба ніякія ўлады, мы самі… Ну, самі, дык зрабіце. Усё гэта выкарыстоўваецца ў прапагандысцкіх мэтах. А Курапаты мы ў парадак прывядзем, будзьце пэўныя. Хоча гэтага хтосьці ці не хоча. Там пахаваныя нашыя людзі. А сёння варушыць косткі людзей і глядзець – немцы застрэлілі, сталіністы ці яшчэ нехта, – мне пакуль неяк не хочацца гэтага…

Таму прывядзем у парадак Курапаты, каб дэманстрацыяў з гэтымі крыжамі па перыметры таксама не было. Ну навошта вы паставілі там белыя крыжы? Вам што, царква дазволіла гэта рабіць? Гэта ж дэманстрацыя, а я супраць такой дэманстрацыі. Ці вось там побач з гэтымі Курапатамі нейкі рэстаран, здаецца, «Поедем поедим». Слухайце, чаму вы так па-зверску ставіцеся да гэтых прадпрымальнікаў? Па-першае, гэта амаль паўкіламетра ад гэтых Курапатаў, а па-другое, я, як вясковы чалавек, праваслаўны хрысціянін, як вы мяне называеце, я думаю: прыйшоў чалавек да гэтага помніка, пасядзелі на гэтай лаўцы… Пагаравалі, што там былі, у добрым сэнсе, загінулі гэтыя людзі. Зайшлі ў гэты рэстаран, чарку выпілі за спачын гэтых людзей. Што тут кепскага?»

28:55 – Пра палітычнае адценне сённяшніх падзеяў размаўляем з доктарам палітычных навук Паўлам Усавым:

«Рацыянальна ўладзе трэба было б пакінуць пытанне Курапатаў, і займацца кароўнікамі. Не змаглі навесці парадак на свінафермах і кароўніках, то можна толькі прадбачыць, які парадак будзе зроблены ў Курапатах, якія заўсёды былі сімвалам супрацьстаяння таталітарызму і аўтарытарызму, сімвалам супрацьстаяння нечалавечнасці, сістэме, якая знішчае асобу, якая знішчае чалавека, знішчае тысячы людзей. Ад самага свайго прыходу да ўлады Лукашэнка ставіўся да Курапатаў як да аб’екту, які трэба знішчыць, сцерці са свядомасці грамадства…»

У Студыі працаваў Віталь Бабін.