Журналіст і зорка шоу «Што? Дзе? Калі?» стварыў інтэлектуальную гульню з беларускім каларытам


Што агульнага паміж хрушчом, капыткамі, пызай і кануном? Адказ ведаюць удзельнікі «Грай-квізу» – новай інтэлектуальнай гульні, пытанні ды адказы якой гучаць па-беларуску.

Паб-квіз – папулярны сёння фармат гульні, калі некалькі камандаў па пяць-шэсць чалавек збіраюцца ў бары ці кавярні ды бавяць вечар, адказваючы на складаныя пытанні арганізатараў. Чатыры гады таму ў Менску з’явіўся першы квіз – «Мазгабойня», цяпер у яе штотыдзень гуляюць сотні чалавек.

А журналіст і зорка шоу «Што? Дзе? Калі?» Павел Свярдлоў стварыў гульню з беларускім каларытам.

«Галоўнае для мяне – што гэта пытанні на беларускай мове, і каманды, калі яны будуць іх абмяркоўваць, яны вымушаныя будуць іх абмяркоўваць на беларускай мове, бо іначай прынамсі на некаторыя пытанні не адкажаш», – адзначыў Павел Свярдлоў.

Апроч мовы, арганізатары дадалі пытанні з беларускай культуры ды гісторыі, але будуць тут і іншыя тэмы – каб не звужаць кола цікаўных.

«Моладзь так ці інакш будзе цягнуцца да свайго, і тое, што яна абірае інтэлект, тое, што яна не абірае займацца баямі без правілаў ці чым іншым – гэта таксама вельмі добра. Хаця, як па мне, – ува ўсім мусіць быць беларушчына», – гаворыць удзельнік гульні, кіраўнік крамы «IMBRYK.BY» Алесь Мазанік.

Квіз па-беларуску будзе праходзіць штосераду а сёмай вечара ў цэнтры Менску – у кавярні «Грай» на вуліцы Інтэрнацыянальная, а ўзяць удзел у паб-квізе можа любы ахвотны, тым болей, што рыхтавацца загадзя не трэба – толькі зарэгістраваць сваю каманду ў адмысловай суполцы ў сацсетках.

ІНШЫЯ ТЭМЫ:

Памяці Фары Вітаўта – 29 лістапада 1961 узарвалі самую старажытную гарадзенскую святыню.

Гонар польскай архітэктуры – планетарый і сад на даху, стадыён-бурштын ды іншыя цуды.

Ткацтва па-гомельску.

Настасся Храловіч, Вольга Гардзейчык, «Белсат»