ЖКГ змушае вяскоўцаў плаціць за паслугу, якая ім не патрэбная


Гэтым разам здымачная група «Маю права» накіравалася ў вёску Люсіна, што на Ганцаўшчыне. Мясцовыя абураюцца тарыфамі на смецце, якія ім выстаўляюць камунальнікі.

Першы, да каго мы накіроўваемся, Уладзімір Рылка. Пластыкавыя адкіды спадар Уладзімір збірае асобна. Дзеці заносяць іх у школу.

«У іх ёсць пастанова. Аддзел адукацыі патрабуе, каб кожны працаўнік здаваў, добраахвотна-прымусова. Таму на звалку не вывозім, і гэта не смецце», – тлумачыць Уладзімір.

У спадара Уладзіміра – вялікая гаспадарка: свінні, куры, гускі, качкі. Таму харчовыя адкіды таксама ў сметніцу не трапляюць. Да таго ж у Люсіна няма цэнтральнага ацяплення ды газу, адпаведна – і для паперы ёсць прымяненне.

«Большую масу паперы я здаю ў макулатуру. Драбяза: абгорткі ад цукерак, печыва – ідзе на распалку дроваў», – кажа мужчына.

Размова
«У Беларусі ніколі не будзе 100-працэнтнай аплаты камунальных паслугаў»
2020.01.08 21:20

Сітуацыяй абураныя літаральна ўсе жыхары вёскі.

«Я ўдома была ўсяго два тыдні на год, я здала за гэты год два мяхі смецця. І я заплаціла больш за 150 рублёў, – кажа Таццяна Кот. – Так як я адсутнічала пяць месяцаў, то пеня і ўсё астатняе – я заплаціла больш, чымся трэба. Пасля зноўку прыехала праз паўгода і зноўку заплаціла тое самае».

Цяпер вяскоўцы збіраюць подпісы пад зваротам у кіроўныя арганізацыі. Асноўнае патрабаванне ў звароце – індывідуальны падыход да кожнае гаспадаркі, каб грошы бралі за рэальны вываз смецця.

«Гэта рэкет, дзяржаўны рэкет»

У жыроўках вяскоўцаў – толькі адзін радок: «абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адкідамі». Віктар Жалезны не падпісваў з камунальнікамі дамовы на вываз смецця. Але з яго ўсё роўна патрабуюць аплаты.

«То бок для юрыста гэта абсалютна зразумела, што гэта рэкет, дзяржаўны рэкет, – абураецца Віктар. – Дамова прадугледжвае ўзаемнае пагадненне бакоў. Калі жаданне іншага боку не ўлічваецца, гэта ўжо не можа быць дамоваю. Гэта можа быць толькі падаткам».

За кіламетр ад Люсіна размяшчаецца афіцыйнае сметнішча. Але нават за самастойны вываз смецця плаціць трэба.

«Калі яны [чыноўнікі] хочуць ускласці на грамадзянаў падатак на смецце, то няхай яны заканадаўча яго аформяць як смеццевы падатак», – лічыць вясковец.

Хочаш, не хочаш – плаці

Паводле арт. 29 Жыллёвага кодэксу, жыхары абавязаныя плаціць за фактычна аказаныя камунальныя паслугі. Мы пацікавіліся ў мясцовых камунальнікаў: што ж такое фактычна аказаныя паслугі? Вось што нам адказала кіраўніца разлікова-даведкавага цэнтру Ганцавіцкага РЖКГ Таццяна Рулінская:

«Машына прайшла – паслуга аказваецца, машына ходзіць па вёсцы. А тое, што ты не карыстаешся з ейных паслугаў, а сам вывозіш, гэта ўжо твае пытанні. Але паслуга фактычна аказаная!», – сцвярджае чыноўніца.

Hавiны
У Беларусі будуць «больш справядліва» разлічваць плату за вываз смецця
2020.01.20 12:38

На думку Віктара Кліменкі, кіраўніка прыватнага прадпрыемства «Аймалін М», у гэтай сітуацыі варта даваць параду не жыхарам, а заканатворцам.

«Я б параіў тым, хто тарыфы распрацоўвае, інфармаваць насельніцтва, чаму менавіта такія тарыфы, як яны фармуюцца. Гэта датычыць не толькі вывазу смецця, а любых тарыфаў. Калі чалавек ведае, за што плоціць, то ён плоціць і ўсё», – кажа Віктар Кліменка.

Адмысловец раіць вяскоўцам пісьмова звярнуцца ў мясцовую адміністрацыю і распавесці, што нарматыў на смецце не адпавядае рэчаіснасці – каб чыноўнікі развязалі гэтае пытанне на сваім роўні.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Грамадзяне дапамагаюць былой асуджанай
  • У Барысаве закрываюць аддзяленне Цэнтру алімпійскага рэзерву
  • Беларусы – пра пазашкольнае развіццё
  • Творчасць менскага блогера трапіла ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.