ЖКГ: Лукашэнка загадаў, каб усё стала добра


Эксперт «Асабістага капіталу» Міхал Залескі аналізуе, ці зменіцца што ў айчыннай сістэме ЖКГ у звязку з Дырэктываю № 7 «Аб удасканаленні і развіцці сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны»

Адно з самых страшных словаў савецкай штучнай мовы, «новояза», – ЖРЭО. Што на слых, што візуальна яно асацыюецца з нечым драпежным і ненажэрным.Пра змаганне тутэйшых адміністрацыйных Гераклаў з гідраю жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў будучыні будуць складаць легенды, мы ж, натхніўшыся Дырэктываю № 7, абмяжуемся неабвержнымі фактамі.

Змест дакументу сведчыць, што «новояз» развіваецца. Няма ў нас бедных людзей.

Ёсць, учытайцеся, «малазабяспечаныя і сацыяльна слаба абароненыя катэгорыі грамадзянаў», а смецце завецца па-іхнаму камунальнымі адкідамі.

Аб’ём побытавага смецця, што ўтвараецца ў гарадах, і яго перапрацоўка

Няйначай «многазабяспечаных» і «моцна сацыяльна абароненых» паменшала, бо раптоўна вага смецця за год скарацілася ледзь не на дзясятую частку. Аднак большую, чым статыстычныя эксцэсы, небяспеку ўяўляюць сабою неразбуральныя адкіды, каторым пакуль не могуць даць рады – не менш за 3 млн т за кожны з апошніх дзесяці гадоў і столькі ж за кожны з наступных.

Зямля і вада ўжо не вытрымліваюць. Яны робяцца значна горшымі ад пластыку, адпрацаваных батарэек і фільтраў. Яны робяцца горшымі, а разам з імі тое, што ўсе пʼюць і ядуць.

Узровень забеспячэння пітной вадою

Калі я быў малы, ваду можна было піць з ручая. Цяпер пʼюць з кранаў, у гарадах – практычна ўсе, у вёсках – 2/3, у мястэчках, каторыя па-іхнаму – «агрогородкі», працэнтаў 80. Каб яшчэ тая вада ў студнях была без нітратаў, а ў кранах – без лішняга жалеза… Пятая частка людзей ад той хіміі пакуль што беды цярпіць, часам – зусім не малыя. Засталося ім гадоў сем пачакаць.

Ну, а гэныя, што пры студнях, натуральным, на думку начальства шляхам, праблему знімуць.

Бо чым далей ад гораду, тым даражэй вадзічка для кожнага асобнага чалавека.

Капітальны рамонт

От раз у жыцці патрапіў я пад капітальны рамонт.

Нішто так не выпрацоўвае трываласць у бедствах, як гэта мерапрыемства ў выкананні мясцовых спецыялістаў.

Насцярожвае ў аптымізме Дырэктывы № 7 наконт абʼёму капрамонту, каторы будзе дасягнуты, адданасць начальства савецкай стратэгіі жыллёвага будаўніцтва, што ўцягвае краіну і людзей у савецкія праблемы яшчэ на дзесяцігоддзе.

Не, нездарма з сістэмы ЖКГ выйшлі ў нас найбуйнейшыя дзеячы айчыннай адміністрацыі і, падобна, яшчэ будуць выходзіць і выходзіць.

Доля аплаты паслуг ЖКГ у сямейных бюджэтах у розных краях

Бо вельмі ж выгаднае месца: як калгас, толькі ў горадзе – служы народу за народныя грошы і пра эканамічную эфектыўнасць не думай. Бо яна самой ідэяй не прадугледжана: людзі бедныя, дамы шматкватэрныя, што ў горадзе, што за горадам – невядома чые. Вада да сценкі дому – аднаго ведамства, а за сценкаю – другога. ЦЭЦ ацяпляе атмасферу…

Толькі плаціць трэба і за абагрэў атмасферы, і за забруджванне вады і зямлі смеццем, і за капрамонт – нечаканы і эфектыўны як пагром махноўцаў. І плоціць адзін і той самы чалавек, каторы савецкаю моваю, «новоязом» завецца «квартиросъёмщик». І ў гэным уся праўда.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • «Праз месяц працы ў краме, сталі віны ёй 5700 рублёў»: як на прадаўцоў «вешаюць» недастачы.
  • Колькі каштуе служба ў войску?
  • Суп у хлебе ды бургеры – што беларусы ядуць на вуліцы

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Міхал Залесскі, belsat.eu