«Жарт сезону»: «Падводныя музеі ды рэстараны»


Што такога выдумаць, каб пазабаўляць публіку? Лётаць у космас усё яшчэ дорага і складана. Пра лядовыя палацы, гатэлі ці рэстараны – мы распавядалі неаднойчы. Нават пра дыскатэку ў самалёце таксама нешта было.

Новая мода абяцае падводныя незвычайнасці. Напрыклад, у Іспаніі нядаўна адкрыўся першы еўрапейскі падводны музей. А бельгійцы распачалі прамаваць падводны рэстаран у сваёй сталіцы!

Назіраем за афіцыянткай Валерыяй, якая пакуе стравы… А тут наведнікі гэтага незвычайнага месца – муж ды жонка, якія захапляюцца падарожжамі, прыгодамі ды, паводле іхных словаў, авантурамі. А вось той самы батыскаф, ці рэстаран з назвай «Перліна».

«Я пабудаваў гэты басейн яшчэ 12 гадоў таму. Бо з юнацтва захапляюся дайвінгам. У гэтым месцы можна навучыцца дайвінгу. Але ідэя была ў тым, каб наведнікі зацікавіліся чымсьці новым. Дзе вы яшчэ бачылі рэстаран пад вадой?», – распавядае гаспадар.

«Перліну» адчынілі напрыканцы 2016-га. Гэта найглыбейшы басейн у свеце, а той батыскаф знаходзіцца на глыбіні 5 метраў… Пасілкавацца пад вадой каштуе 99 еўраў з чалавека. Тут гатуюць салату з лобстэраў, фуа-гра ды прапануюць шампанскае.

«Мы, нібы тыя рыбіны забраліся ў пячору і далей усё нагадвала прыгоды капітана Нэмо. Не забудземся пра гэты абед да канца жыцця», – сцвярджае наведнік.

Цікава, што падводную камеру ці пакой будавалі цягам цэлага года.

Наступны ж праект мусіць распачаць дыялог паміж прыродай і мастацтвам, – так сказаў брытанскі скульптар Джэсан Тэйлар, калі пачаў два гады таму ляпіць фігуры ды выявы. Падводны музей месціцца ў Атлантычным акіяне ля выспы Ланзаротэ з Канарскага архіпелагу. Больш чым дзве сотні разнастайных скульптур паставілі на глыбіні 14 метраў. Усталявалі сцяну вагой 100 тонаў ды пабудавалі нібы батанічны сад. Вада ў гэтых мясцінах рэдка мае тэмпературу ніжэй за 19 градусаў.

Афіцыйная назва – «Атлантычны музей Ланзароте». Ён адкрыўся ў студзені. Каб трапіць туды неабходна хоць трохі навучыцца дайвінгу. Апрача ўсяго, там бывае небяспечна, бо прыплываюць акулы, баракуды і, нават, васьміногі.

Цікава, што Джэсан Тэйлар раней ужо пабудаваў падводныя музеі ў Мексіцы, на Багамах і побач з Грэнадай. А гэта ягоны першы еўрапейскі праект. Тое, што мы бачым – гэта толькі пачатак. Лічыцца, што колькасць мастацкіх твораў у музеі будзе павялічвацца.