Жанчыны Лукашэнкі. Расследаванне пра Абельскую, Каткавец і мадэляў Сашы Варламава


Таямніцы жанчын, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі, у новым расследаванні Станіслава Івашкевіча. Падрабязнасці пра ўплыў экс-міністаркі аховы здароўя Людмілы Пастаялкі, маці асабістай лекаркі кіраўніка дзяржавы Ірыны Абельскай. А таксама сенсацыйныя сведчанні славутага мадэльера Сашы Варламава пра тое, як мадэлі з ягонага агенцтва траплялі ў атачэнне Лукашэнкі ды дзеля чаго іх выкарыстоўвалі.

Саша Варламаў, славуты беларускі мадэльер, які некалькі гадоў таму быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, узгадвае акалічнасці конкурсу «Супермадэль Беларусі 1996»:

«Яны ўсіх удзельніц паставілі на карачкі. Гэтыя ўдзельніцы хадзілі, як коткі, па сцэне, круцілі азадкам, муркалі ды казалі мяў!»

Мадэльер сцвярджае, што такія пажаданні наконт конкурсу Аляксандр Лукашэнка трансляваў праз спявачку Ліку Ялінскую, набліжаную да яго асабіста. Цяпер яна больш вядомая як Анжаліка Агурбаш.

Таксама Варламаў расказаў, як Ялінская прыйшла разам з ахоўнікамі Лукашэнкі на генеральную рэпетыцыю моднага паказу, які рыхтаваў Варламаў, і проста выгнала яго.

«Вы мусіце пакінуць гэтую залу і не набліжацца бліжэй, чым на 1 км да гэтага мерапрыемства».

Праз дзень па Менску расклеілі афішы «Мерапрыемства Анжалікі Ялінскай»…

Паводле Варламава, прынамсі з 1997 г. дзяўчат з мадэльных агенцтваў рэгулярна наймалі на святочныя імпрэзы з удзелам Лукашэнкі. Таксама беларускі мадэльер сцвярджае, што людзі з атачэння Лукашэнкі, якія дамагаліся ўплыву кіраўніка краіны, патрабавалі, каб Варламаў даваў дзяўчат для нефармальных сустрэчаў з прэзідэнтам у самым вузкім коле.

Якім чынам Аляксандр Казулін, тагачасны рэктар БДУ, быў звязаны з запрашэннем дзяўчат да высокапастаўленых чыноўнікаў? Дзеля чаго выкарыстоўвалі мадэляў, і пры чым тут меркаваная маці Мікалая Лукашэнкі Ірына Абельская? Як зямлячкі Лукашэнкі занялі высокія пасады? Ці можа Надзея Каткавец быць маці пазашлюбнага сына кіраўніка краіны?

Глядзіце ў cупольным расследаванні каманды праграмы «Давайце разбірацца» з рэсурсам «Проект».

Іншыя расследаванні праграмы глядзіце ТУТ