Жанчыну з COVID-19 не кармілі некалькі дзён


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – эпідэмія каронавірусу. Каментары з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

4779 Выпадкаў каронавіруса ў Беларусі – падае Міністэрства аховы здароўя. Найгорш сітуацыя выглядае на Віцебшчыне. Драматычная сітуацыя ў Докшыцах, у якіх, паводле міністра Караніка, 72 захварэлых.

Нашыя журналісты выехалі на месца. Мы пачулі галасы страху і адчаю. А ў мясцовай раённай газеце «чорны бізнес» – у цяжкі час сваю дапамогу прапануе пахавальнае бюро, у якое мы датэлефанаваліся і пачулі, што працы стала больш, таксама якія сродкі бяспекі ўжываюцца і якія праблемы ўзнікаюць.

Прыглядаемся да працы валанцёраў, каронавіруса ў беларускім войску, куды ён дабраўся, таксама смерць вядомага віцебскага праваабаронцы і пахаванне ў закрытай труне. Медык з Берасця піша нам, як выглядаюць іхныя сродкі бяспекі, а дакладней – іх брак. Гэта пацвярджае медычная сястра з Баранавічаў Наталля Каролік, якая назвала медыкаў забойцамі, бо яны нясуць на сабе вірус да людзей, бо не маюць належных сродкаў бяспекі.

Таксама ў праграме дзве гісторыі ад родных тых, хто захварэў на каронавірус. Бацька вядомага рэжысёра і сцэнарыста Андрэя Курэйчыка вярнуўся з санаторыя МУС на Віцебшчыне, а цяпер змагаецца за здароўе і жыццё.

Маці мянчанкі Таццяны Маладзьянавай мае каронавірус і знаходзіцца ў рэанімацыі. Жанчына распавядае пра жудаснае абыходжанне з маці: якую не кармілі некалькі дзён, а на крыкі аб дапамозе ніхто не прыходзіў, пакуль не патэлефанавала дачцэ, а тая не звярнулася па дапамогу па нумары хуткай.

На «Белсат Zoom» запрашае Сяргей Падсасонны.

Калаж з фота: Stanislav Krasilnikov / TASS / Forum