Жанчына мусіць здымаць кватэру ў доме, пабудаваным на ейнай зямлі


Аддала зямлю пад службовы дом, а кватэру так і не атрымала

Сумная гісторыя Веранікі Галінеўскай, якая страціла прыватны дом у Пухавічах. Жанчына набыла яго ў 2006 годзе, прадаўшы ўласную кватэру. Дом быў на тры пакоі, з верандаю і прыбудоваю, стаяў на 22,5 сотках зямлі. Праз пару гадоў спадарыню Вераніку запрасілі ў Пухавіцкі райвыканкам, дзе паведамілі, што ейную хату маюць знесці. Што праўда, наўзамен паабяцалі кватэру. Калі ж на зямлі Веранікі збудавалі шматкватэрнік, уласнае кватэры яна не атрымала – жанчыне прапанавалі арандаваць.

Зноў расстрэл

Менскі абласны суд 15 лютага змяніў абвінавачанаму вырак з пажыццёвага зняволення на расстрэл. Ад пачатку 2016 года гэта ўжо другі смяротны прысуд у нашай краіне. А як да гэтага віду пакарання ставяцца грамадзяне?

Як у людзей абралі возера

Барацьба жыхароў Новалукомля за права свабодна падыходзіць да возера і вудзіць рыбу атрымала шырокі рэзананс. Канфлікт адбываецца на адным з найбуйнейшых азёраў краіны – Лукомльскім. Новы арандатар вадаёму – кампанія «ТэраФіш» – усталявала плату за кожны падыход да возера з вудаю: Br 50 тыс. Кожны, хто не купляе «пуцёвак» вудзіць рыбу, адгэтуль фактычна браканьер.

Грамадскія слуханні для глухіх чыноўнікаў

Планы сталічных чыноўнікаў у справе забудовы гораду працягваюць непакоіць жыхароў. А чарада грамадскіх слуханняў праходзіць паводле аднаго і таго самага сцэнару: чыноўнікі не чуюць пытанняў, а жыхары не разумеюць адказаў. На думку экспертаў праграмы, у гэткіх слуханнях чынавенства ставіць за мэту не пачуць шараговых грамадзянаў, а абараніць інтарэсы буйных забудоўнікаў.

Менскае мора забудуюць?

Паводле Генплану забудовы сталіцы, нарматыў зялёных насаджэнняў – 21 квадратны метр на чалавека. Аднак сярод новабудоўляў зеляніны застаецца ўсё менш. Як сведчаць экаактывісты, у некаторых раёнах Менску плошча насаджэнняў не перавышае 8 квадратных метраў. Каб падцягнуць паказнік да нормы, у межы гораду ўлучылі Менскае мора. Цяпер эколагаў непакоіць, што папулярнае месца адпачынку ператворыцца ў гіганцкую будаўнічую пляцоўку.