Жана Лашкевіч: «Пытаюцца: чаму вы не ставіце «Гэры Потэра»?»


Чаго мы шукаем у тэатры? І чаму міжволі заўжды радуемся, калі школа абвяшчае, што вядзе нашых дзяцей у тэатр? Ці тэатр не старэе? А, можа, наадварот, усе заганы чалавецтва даўно сфармуляваныя, тэатр закансерваваўся, стаў элітным мастацтвам для вузкага кола аматараў і адтуль назаўжды сышла моладзь? Чым завабліваюць драматургі ў тэатры дзяцей, канкуруючы ўжо не з мульцікамі, а з камп’ютарнымі гульнямі?

Пра дзяцей у тэатры і пра тэатр у дзіцяці сёння я гутару з драматургам, сцэнарыстам, тэатральным крытыкам Жанаю Лашкевіч. Жана апошнія некалькі гадоў працуе кіраўніком аддзелу развіцця Беларускага рэспубліканскага тэатру юнага гледача. Знаўца гісторыі драматургіі, перакладчыца на беларускую мову заходнееўрапейскіх п’есаў.

– Кажуць, што тэатр прымушае верыць у цуды – прынамсі ў цуд пераўтварэння – і робіць з дарослых дзяцей. А навошта мы водзім у тэатр дзяцей?

– Давайце з пачатку. Дзіцячы тэатр, напэўна, між двума такімі вялікімі вызначэннямі. Адное вызначэнне – дзіцячы тэатр, перапрашаю, гэта «залатое дно». А другое вызначэнне сведчыць, што з’явіўся не так даўно менавіта тэатр, які прызнаны для дзяцей і толькі для дзяцей. Бліжэй да нашай гісторыі: пачынаў пра яго гаворку Леў Талстой, далучаўся да гэтага Станіслаўскі. І «Сінюю птушку» Матэрленка, якую не так даўно прэзентаваў Т’ЮГ, упершыню паставіў менавіта МХАТ як адзін з першых спектакляў, зробленых адмыслова для дзяцей.

– То бок гэта было пытанне асветы.

– Гэта было пытанне асветы, але і пытанне таго, як ставіць для дзяцей. Ужо з сённяшнім досведам я магу сказаць – складана. Звышскладана. Хоць бы таму, што кожныя паўгода ў развіцці дзіцяці – гэта ўжо новае ўспрыманне свету. І вось тое, што мы цяпер бачым, – бэйбі-тэатр, тэатр для немаўлятаў…

– А дзе ж мы яго бачым?

– Бачым. У нас ён ёсць. Ім займаецца Злата Глотава, ім займаецца Ганна Шапашнікава. Мы яго бачым – але не ў дзяржаўным тэатры…Мы прызвычаеныя ўкладаць у дзяцей. Нашая кабета пад гэта зробленая. Я сама такая. І, натуральна, – адшкадаваць самае лепшае, у тым ліку, на відовішча тэатральнае, на любы спектакль, які каштуе нятанна, – гэта перадусім. Мне ўвогуле падабаецца, як сказаў адзін наш цудоўны адраджэнец – ён калісьці яшчэ напрыканцы 90-ых сказаў так: у вас зараз будзе выбар, можа быць, не вельмі маральны выбар: купіць сабе найноўшую мадэль тэлевізара або паехаць некуды на адпачынак, або – заплаціць дзіцяці за дадатковыя заняткі англійскаю мовай ці іншымі дысцыплінамі. І я заклікаю, сказаў ён: укладайце ў дзяцей.

– Чаму? Мы – страчанае пакаленне з увагі на эканамічную сітуацыю ці гэта філасофія такая – жыць на крок наперад?

– Проста я люблю дзяцей. Мне здаецца, што, чым больш мы ў іх укладаем, – тым больш самі атрымліваем. Дзеці і жывёліны – гэта тое найлепшае, дзеля чаго варта жыць.Я зараз ахарактарызую спектаклі Тэатру Юнага гледача – яны ў нас для гледачоў ад 5-ці да 95-і гадоў. А ў дзіцяці – кожныя паўгода змяняецца якасць успрыняцця свету.

– Дык як Вы бачыце драматургію для дзяцей будучыні?

– Перадусім мусяць быць добрыя пісьменнікі. Людзі, якія валодаюць словам. Я не падзяляю цяпер на тых, хто піша па-руску і па-беларуску.Ёсць цудоўныя беларускія аўтары – напрыклад, Тацяна Сівец, Алена Масла.

– Жана, за ўсім гэтым Вашым пазітывам я адчуваю нейкае «але»…

– Ёсць «але». Вельмі цяжка, вельмі марудна нешта актуальнае і патрэбнае ў дзяржаўным тэатры «ўзаконіць».

– Ну паслухайце. Вось Вы кажаце, што стае добрых п’есаў. І прыходзіце Вы з такою добраю п’есай у тэатр да рэжысёра, а ён кажа – «не»? Чаму «не»?

– Давайце пачнем з таго, што нашыя дзяржаўныя тэатры цудоўна, адметна, файна і выключна ўмеюць толькі адное: аднаўляць сваю мадэль. Самога сябе. Усё тое, што з’яўляецца ў тэатры самага лепшага і патрэбнага публіцы, з’яўляецца не дзякуючы, а насуперак. І цяпер я цудоўна разумею, чаму Валеры Раеўскі казаў калісьці: я ненавіджу гэты тэатр. Гэты непаваротлівы, марудны, вялізарны…А Стэфанія Міхайлаўна Станюта, калі бачыла мае слёзы за кулісамі, прыціскала мяне да сцяны і казала: Дзяўчынка мая, у тэатры нічога хутка не робіцца…Але – цяпер мы з вамі перажываем тыя часы, калі ў тэатры ўсё мусіць рабіцца хутка. Таму так квітнеюць у нас – малайцы! – прыватныя тэатры.

– Што стрымлівае дзяржаўныя тэатры?

– Вялікая бяда: у нас недасфармаваны тэатральны рынак. Няма той канкурэнцыі, якая мусіць быць. Калі б яна была – то і дзяржаўныя тэатры вельмі хутка круціліся б, каб адпавядаць запатрабаванням аўдыторыі, якія на сёння ёсць, і вельмі высокія. Пытаюцца: чаму вы не ставіце «Гэры Потэра»?

– А чаму вы не ставіце «Гэры Потэра»?

– Тэатр лялек – дзіцячым стаў не слушна, ён мусіць, як спрадвеку, працаваць для дарослых – і ў Беларусі гэта вяртаецца! Гэта першы тэатр Беларусі на сёння. Лепшага, цікавейшага і прагрэсіўнейшага тэатру няма ў нас. За лялькамі – найбліжэйшая і не такая найбліжэйшая будучыня. Ёсць час, калі стылі ды жанры тэатру разыходзяцца, дзеляцца, множацца. Але ёсць – калі пераплятаюцца разам, і сёння менавіта лялечны тэатр збірае ўсе віды, жанры, нават оперу – гэта бліскуча прадэманстраваў Ляляўскі. І на падставе гэтага можа развівацца нешта новае, сваё. Ляляўскі, Жугжда, Казакоў – гэта ўсё асобныя тэатры…

Далей у праграме:

Пётра Васючэнка заўважыў у «Зорах», што большасць казак не мае хэпі-энду. Якія канстанты дзіцячай драматургіі выпрацавала для сябе Жана Лашкевіч?Чаго чакае моладзь, калі ўжо прыходзіць у тэатр, а чаго – настаўнікі? І ці можна гэта спалучыць?

Фрагменты гутаркі праграмы «Зоры не спяць». Размаўляла Вольга Гардзейчык.