«Жабракі» са скрадзенымі дзіцячымі фота зарабляюць як айтышнікі


Ля метро ў інвалідным вазку сядзіць жанчына, якая збірае міласціну, а дахаты сыходзіць сваймі нагамі. На яе скардзіцца жабрак Аляксей – ён мае пенсію 500 рублёў, а міласцінай зарабляе яшчэ да 600 рублёў, то бок больш за сярэдняга беларуса. Маці дзяўчыны з ДЦП распавядае, як з фотаздымкам яе дачкі стаяў незнаёмы чалавек у Гомлі – і ў вочы казаў, што гэта ягоная пляменніца. Разбіраемся, як не ахвяраваць махлярам.

Жабрак Аляксей атрымлівае пенсію 500 рублёў. Беларусы мужчыну з інваліднасцю (у яго няма нагі) шкадуюць і ахвотна падаюць міласціну. З кожнага некалькі капеек, і глядзіш – сабраў 20 рублёў. Калі хадзіць да метро штодня, то за месяц ахвяраванні складуць 600 рублёў. Калі скласці з пенсіяй, то даход атрымаецца 1100 рублёў.

«Пастаянна тут машына стаяла, адна бегала па машынах збірала, потым пачалі прывозіць іншую. Яе да лесвіцы давязуць, яна ўстала і пайшла па лесвіцы сама. Не хутка, але ідзе нармальна. У машыну вазок закінуць і паехалі», – распавядае пра сваіх канкурэнтаў Аляксей.

Сашы Траццяковай – дзевяць. У яе ДЦП. Мама дзяўчынкі мае мэту: зрабіць усё магчымае, каб яе дзіця максімальна камфортна пачувалася ў гэтым свеце: хадзіла б у школу, на закупы ў краму, гатавала б ежу, магла стварыць сям’ю. А дзеля гэтага неабходныя рэгулярныя курсы рэабілітацыі: як мінімум тры на год у Бельгіі (кошт аднаго курсу – 2200 еўраў). Грошы на лячэнне дачкі збіраюць з дапамогай ахвяраванняў, для гэтага адкрылі дабрачынныя рахункі ў банку.

«Людзі дапамагаюць, у нас у краіне вельмі шмат чулых добрых людзей, людзі даведваюцца пра нас з інтэрнэту», – кажа Наталля Траццякова, якая гадуе дачку з ДЦП.

Праўда, адтуль, з інтэрнэту, пра хваробу дзяўчынкі даведаліся і ашуканцы. Аднойчы каля крамы Сашына бабуля сустрэла жанчыну, якая прасіла міласціну з фатаграфіяй ейнай унучкі. Другі махляр арудаваў у Гомлі: пра гэта Наталлі распавяла знаёмая, якая сустрэла мужчыну, што збіраў на лячэнне Сашы грошы.

«Яна кажа: «Наташа, я ледзь не пабілася, проста ён так даказвае заўзята. Я з табой па тэлефоне размаўляю, а ён усё роўна даказвае, што Саня яму пляменніца нейкая. Проста з пенай у роце!» – распавядае гісторыю махлярства Наталля Траццякова.

Схема ў ашуканцаў простая: знайшоў інфармацыю аб хворым дзіцяці ў інтэрнэце, выдрукаваў яе і выйшаў на вуліцу. У дабрачынны фонд «Шанец» паступаюць лісты аб тым, што на вуліцы людзі збіраюць грошы на лекаванне і нават называюцца працаўнікамі фонду. Але ў 99 % выпадкаў на вуліцы на лекаванне хворых дзяцей грошы збіраюць ашуканцы – кажуць у фондзе.

«Самае простае пытанне, якое вы можаце задаць, – гэта пакажыце копіі дакументаў вашага дзіцяці. Як правіла, прозвішча дзіцяці супадае з прозвішчам мамы. І копія пасведчання аб нараджэнні можа гэта пацвердзіць», – каментуе Наталля Маханько, дырэктарка міжнароднага дабрачыннага фонду дапамогі дзецям «Шанец».

Але ёсць і яшчэ адна схема: ашуканцы тэлефануюць бацькам хворых дзяцей, называюцца валанцёрамі ды прапаноўваюць сваю дапамогу. І сапраўды, адсотак ад сабраных грошай потым пералічваюць на рахунак дзіцяці. Гэтак, у выпадку, калі нехта з дабрачынцаў вырашыць праверыць інфармацыю і патэлефануе сапраўдным бацькам, якія часцей за ўсё вераць псеўдаваланцёрам, – у ашуканцаў будзе алібі.

«Трэба даваць грошы не наяўнымі. Самы просты спосаб спытаць, па якіх рэквізітах вы можаце пералічыць грошы. Калі чалавек будзе гатовы падаць такую інфармацыю, то вы пералічыце грошы. Але, на жаль, часцей за ўсё людзі адмаўляюцца ад такога віду дапамогі», – распавядае дырэктарка міжнароднага дабрачыннага фонду дапамогі дзецям «Шанец».

Адзін з распаўсюджаных відаў махлярства ў інтэрнэце такі. Чалавек называе сябе валанцёрам, уваходзіць у давер да бацькоў, бярэ звесткі для пераліку грошай на дзіця, а потым пачынае збор сродкаў. І выглядае быццам усё сумленна. Але да разліковых звестак дзіцяці махляр дадае, напрыклад, рэквізіты ўласнага электроннага гаманца. Атрымліваецца, што як бы і дапамог, але і сам зарабіў. Таму варта правяраць звесткі для пераліку, якія вам даюць, з тымі, што можна знайсці на сайтах фондаў ці банкаў.

Год таму Беларускі Чырвоны Крыж і кампанія «Satio» зрабілі даследаванне на тэму дабрачыннасці і ахвяраванняў. Высветлілі, што на добрыя справы беларусы разам аддаюць за год 88 мільёнаў еўраў. На думку людзей, самы зручны спосаб даваць грошы на дабрачыннасць – перадаваць іх асабіста. Але важна, каб гэтыя грошы не трапілі ў рукі ашуканцаў. Бо пакуль беларусы падаюць махлярам, зусім побач бацькі з апошніх сілаў змагаюцца за жыццё хворага дзіцяці.

Дапамагчы Сашы Траццяковай магчыма наступным чынам:

Дабрачынныя рахункі адкрытыя ў філіяле №511 ААТ «ААБ «Беларусбанк», Мінск, Даўгабродская 1; УНП 100325912; БІК АКВВВY2Х:

– беларускія рублі: транзітны рахунак № ВY28АКВВ38193821000170000000 на дабрачынны рахунак № BY66AKBB31340000116615220272 у аддзяленні № 511/272, бестэрміновы;

– долары ЗША: транзітны рахунак № BY12AKBB38193821049935200000 на дабрачынны рахунак № BY89AKBB31340000116535220272 у аддзяленні № 511/272, бестэрміновы;

– еўры: транзітны рахунак № BY12AKBB38193821049935200000 на дабрачынны рахунак № BY51AKBB31340000116625220272 у аддзяленні № 511/272, бестэрміновы.

Прызначэнне плацяжу: Для залічэння на дабрачынны рахунак Траццяковай Наталлі Мікалаеўны ў аддзяленні 511/272 ААТ «ААБ «Беларусбанк» на лячэнне дачкі Траццяковай Аляксандры Андрэеўны

Папаўненне балансу МТС: +375298395556

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Як удала збегчы ад беднасці? Пераехаць ды змяніць кваліфікацыю
  • Ці рэальна знайсці працу за 1000 рублёў?
  • Як талакой сабраць грошы на старт бізнесу?

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».