Беларускі асілак з'еў 30 яек і скруціў патэльні ў трубачку


Беларускі асілак Кірыл Шымко ссоўвае з месца танкі і самалёты. Паглядзіце, які нумар ён учыніў у эфіры «Белсату».

Кірыл Шымко стаў героем кулінарнага тэрапеўтычнага шоу «Я не буду гэтага есці!», куды мы запрашаем вядомых людзей з кулінарнымі траўмамі. Задача нашых шэф-кухараў Вольгі Прыгаравай і Аляксандра Чыкілеўскага – прыгатаваць ненавісную страву або прадукт так, каб госцю гэта спадабалася.

Наш госць двойчы трапіў у Кнігу рэкордаў Гінэса. Мы, вядома ж, не маглі не скарыстацца момантам і папрасілі стронгмена сагнуць у эфіры «Я не буду гэтага есці!» дзве патэльні – на памяць кожнаму шэф-кухару. Але такая задача здалася Кірылу недастаткова складанай. Ён склаў патэльні разам і… скруціў іх у трубачку. Памятны сувенір дастаўся пераможцу – таму, чыя страва спадабалася нашаму герою больш.

А што ж прыйшлося гатаваць Вользе Прыгаравай і Аляксандру Чыкілеўскаму? У дзяцінстве Кірыла накарміць было складана, але траўмаў з той пары ў яго не засталося. Паесці ён, вядома ж, любіць. Да гэтага часу ўзгадвае, як адпачываючы ў Егіпце, шакаваў наведнікаў гатэлю: з’еў на сняданак 30 яек. За адзін прысест. А ягоны сябар, канцэртны дырэктар фестывалю «Здароўе» Аляксандр Камароўскі распавёў у эфіры нашага шоу, як аднойчы на ​​ўрачыстай вячэры Кірыл зʼеў цэлых сем гарачых страваў.

Пры гэтым наш герой прытрымліваецца здаровай дыеты: націскае на бялок, абмяжоўвае салодкае і не любіць тлустае мяса. Менавіта яго і мусяць прыгатаваць знакамітаму госцю нашыя шэф-кухары.

Вольга Прыгарава зробіць свіныя рэбры ў мядова-таматным соусе, а на гарнір – запечаную з часныком і размарынам бульбу і салату з памідораў. Варыянт №2 – ад Аляксандра Чыкілеўскага: запечаная ў духоўцы свіная рулька з гарнірам з капусты, тушанай з мёдам і прыправамі.

Чый варыянт абярэ Кірыл Шымко? Глядзіце 11-ю серыю шоу «Я не буду гэтага есці!» (відэа вышэй).

Шоу «Я не буду гэтага есці!» глядзіце па нядзелях а 20:25 на тэлеканале «Белсат» на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4») або онлайн.

Любіце гатаваць? Сачыце за абнаўленнямі на nebudu.belsat.eu, а таксама ў Facebook, «Одноклассниках» ды Instagram.

ІА, belsat.eu