Здароўе Лукашэнкі пахіснулася. NEXTA на «Белсаце»


Не на роднай зямлі пачаўся і не на роднай зямлі скончыцца працоўны тыдзень Аляксандра Лукашэнкі. Спачатку – візіт у Арменію, цяпер – ва Украіну. Падчас першага стала зразумела, што кіраўнік Беларусі не ў найлепшай форме, падчас другога, што… І сапраўды – што?

Адна падзея, адзін чалавек, а ўспрыняцце аднаго і таго ж факту можна зрабіць абсалютна розным. Параўнаем, як паказалі візіт Лукашэнкі ў Ерэван армянскія і беларускія дзяржаўныя медыі.

Аляксандр Лукашэнка выйшаў з самалёта і… пакульгаў. Два дзясяткі крокаў даліся кіраўніку Беларусі з вялікімі цяжкасцямі. Але беларускаму гледачу айчынныя медыі прэзентавалі карціну інакш. І гэта ўжо не першы раз, калі беларусы не з афіцыяльных крыніцаў даведваюцца аб праблемах са здароўем кіраўніка Беларусі. Інфаркт, дыябет, недабачлівасць, мазаічная псіхапатыя…

Інфармацыя пра такія дыягназы з’яўлялася выключна ў інтэрнэце. Але і без гэтых інтэрнет-дыягназаў некаторыя беларусы адчуваюць, што з Лукашэнкам адбываецца нешта нядобрае…

«Сэрца, з мазгамі, з нагамі».

«Стаміўся і маральна, і псіхічна. Я думаю, праблемы ёсць».

«Такая хвароба ёсць і ў мяне. Гэта кожнага чакае, але палітыку ён вядзе правільную».

«У яго з галавою не ўсё ў парадку». – «Чаму?» – «А што, па ім не бачна?» – кажуць жыхары Магілёву.

Бачаць пэўныя праблемы і даўнія апаненты Лукашэнкі. Зянон Пазняк, Старшыня КХП БНФ:

«Тое, што ён гаворыць, тое, што ён перагаворвае, што яму Ілан Маск аўта падараваў, гэта можна не слухаць. Гэта пустая трата часу, гэта хвароба: як клептаманы не могуць не скрасці, гэтак і ён не можа не схлусіць».

Не могуць не схлусіць і дзяржаўныя медыі, а народ у нас легкаверны – верыць у звышмоц і непахіснае здароўе Лукашэнкі:

«Канечне, усё добра. Ён жа грае ў хакей!»

«Ён займаецца спортам, як і я. Зычу яму поспеху – во такога! Лукашэнка – гэта супер!»

«Ён у добрым стане. Ён кажа гучна, дакладна. Усё пры сабе. Малойца, мужчына!»

«Узрост адбіваецца – трэба сыходзіць!» – дадаюць жыхары Магілёву.

Сыходзіць, можа, і трэба, але Лукашэнка, як і шмат хто з беларусаў сталага веку, працягвае працаваць. Гэтак, як паведамілі ў Міністэрстве працы, кожны чацвёрты беларускі пенсіянер працуе, каб мець дадатковы даход. Цікава, з чаго Лукашэнка траціць грошы на балі – з пенсіі ці з заробкаў … беларусаў?

****

На пачатку тыдня – візіт у Арменію, напрыканцы – ва Украіну на сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім.

«Мы даўно знаёмыя, праўда, завочна, а сёння нажыва сустракаемся тут».

Знаёмства не нажыва выглядала гэтак:

«Дорогіе друзякі, меня зовут Александр Грігорьевіч Лукашенко» – жартаваў калісьці Зяленскі ў сваёй «Студии Квартал-95».

Дый сёння на сустрэчы Уладзімір Зяленскі зноў ці то пасмейваўся, ці то падсмейваў Лукашэнку. Не саромеўся нядаўна абраны прэзідэнт Украіны папраўляць дасведчанага калегу.

– Вы ведаеце Уладзімір Аляксандравіч, гэтая пляцоўка рэгіёнаў Расеі…

– Украіны…

Калегі з «Кварталу-95» гэтак патлумачылі добры настрой прэзідэнта:

«Вырашыў запрасіць да нас, а не самому ехаць у Беларусь, бо, як вядома, Аляксандр Рыгоравіч усіх сваіх гасцей тут жа цягне ў поле капаць бульбу, касіць сена або збіраць кавуны».

У гэтым, відаць, і тлумачэнне адмовы шэрагу еўрапейскіх дыпламатаў прыехаць у гэтыя дні ў Беларусь.

Еўрапейскія беларучкі ўмеюць весці перамовы за сталамі, а Лукашэнка хацеў бы – за кавунамі.

Вольга Старасціна, Сцяпан Святлоў belsat.eu

Калаж з фота: Pyotr Sivkov / TASS / Forum