Зброя, нафта, тэрарызм і наркотыкі. Сакрэты беларуска-венесуэльскага сяброўства ў расследаванні «Белсату»


Зброя, нафта, кантрабанда, падтрымка незаконных груповак ды наркагандляроў. Чым тлумачацца перыядычныя гандлёвыя выбухі паміж Беларуссю і некаторымі развіванымі краінамі? І чым гэтая супраца заканчваецца для нашай краіны і яе грамадзянаў?

Што хавалі Лукашэнка і Чавес пад выглядам паставак у Беларусь венесуэльскай нафты?

Нечаканы ўзлёт эканамічнай супрацы Беларусі і Венесуэлы, і гэткі ж нечаканы яе заняпад спарадзілі шмат штампаў і міфаў. Маўляў, Лукашэнка і Уга Чавес пасябравалі ня падставе ідэалагічнай блізкасці і кіраўнік Беларусі нібыта так прывабіў свайго лацінаамерыкаскага калегу, што круціў ім як хацеў. Але як было насамрэч?

На самай справе прэзідэнта Венесуэлы, у свой час, накіравалі ў Менск з Масквы, куды ён ездзіў прасіць узбраенняў. Пасля таго, як у 2006 годзе, Злучаныя Штаты, занепакоеныя антыамерыканскай рыторыкай Чавеса, перасталі прадаваць яму ўзбраенні, той паехаў прасіць іх у Масквы. Перадусім – сістэмы супрацьпаветранай абароны.

Але Расея тады вяла дыпламатычную барацьбу супраць размяшчэння амерыканскіх комплексаў супрацьпаветранай абароны ва Ўсходняй Еўропе і не хацела даваць Вашынгтону контраргумент, пастаўляючы яго праціўнікам такую сур’ёзную зброю, як балістычныя ракеты. Таму здзелку было вырашана правесці праз Беларусь. У 2006 годзе, пасля свайго трэцяга візіту ў Расею, Чавес накіраваўся з Масквы ў Менск, дзе падпісаў з Лукашэнкам пакет кантрактаў па стварэнні ў Венесуэле комплекснай сістэмы супрацьпаветранай абароны.

Адмыслоўцы адзначаюць, што, у рамках гэтай здзелкі, Беларусь выступала ня проста рээкспарцёрам.

«Беларусь распрацавала аўтаматычную сістэму кіравання супрацьпаветранай абароны Венесуэлы, якая абʼядноўвае ўсе сістэмы СПА, якія цяпер ёсць у Венесуэлы», – адзначае вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Аб’ём афіцыйнага гандлю зніжаўся, нелегальны бізнес квітнеў

За свой статус пасярэдніка ў венесуэльска-расейскай супрацы, Лукашэнка выгандлеваў для Беларусі дадатковую разавую здзелку. Венесуэла вылучыла нашай краіне крэдыт на паўмільярда долараў, а аддаць яго дазволіла таварамі і паслугамі. Практычна гэта выглядала так. Менск вяртаў Каракасу пазычаныя паўмільярда грашыма. Але Каракас, у сваю чаргу, стварыў фонд на тыя ж паўмільярда долараў, якія венесуэльскія прадпрыемствы павінныя былі асвоіць за кошт пакупкі беларускіх тавараў і паслугаў.

Такім чынам, гандлёвы бум паміж Беларуссю і Венесуэлай быў вынікам разавай бартэрнай здзелкі.

Пасля таго, як Менск выплаціў сваймі таварамі і паслугамі венесуэльскі крэдыт, а таксама, верагодна, прэміі за распрацоўку венесуэльскіх нафтавых радовішчаў, утрымаць свае пазіцыі на венесуэльскім рынку ён не здолеў нягледзячы на дзве сотні міжурадавых дамоваў. Зніжэнне ж беларуска-венесуэльскага таваразвароту пачалося яшчэ ў 2013 годзе, задоўга да падзення коштаў на нафту і эканамічнага крызісу ў Венесуэле.

Штопраўда, нават на фоне заняпаду афіцыйнага гандлю паміж дзвюма краінамі, дружбу іх кіраўнікоў працягваў сілкаваць супольны нелегальны бізнес.

У 2009 годзе Кангрэс Злучаных штатаў прыняў Акт аб уліку здзелак з беларускімі ўзбраеннямі. У тэксце дакументу прэзентуецца трохвугольнік нелегальнага гандлю зброяй паміж Беларуссю, Венесуэлай ды Іранам.

Камісія Кангрэсу асцерагалася, што, прынамсі, частка антыпаветраных ракетных комплексаў, якія Беларусь пастаўляла Венесуэле, маглі прызначацца для Ірану. Пры гэтым, кангрэсмены сышліся на тым, што Менск, зʼяўляецца, перадусім, перавалачным пунктам для расейскіх узбраенняў, якія Масква не жадае прадаваць сама.

Пастаўлялі зброю арабскім і лацінаамерыканскім тэрарыстам

Апрача гандлю ракетнымі сістэмамі партнёры займаліся пастаўкамі зброі арабскім і лацінаамерыканскім тэрарыстычным групоўкам антыамерыканскага кірунку. У 2007-м годзе, калі Беларусь пачала рэзка нарошчваць супрацу з Венесуэлай ды Іранам, Каракас і Тэгеран запусцілі паміж сабой штотыднёвыя авіярэйсы, якія былі закрытыя для звычайных грамадзянаў. Бразільская газета «Веха», са спасылкай на высокапастаўленага венесуэльскага чыноўніка, што ўцёк ад рэжыму Чавеса, сцвярджалі, што самалёты выкарыстоўваліся для транспартавання зброі, баевікоў, наяўных грошай ды наркотыкаў. Гэта пацвярджалі і амерыканскія ўрадоўцы.

«Венесуэльская дзяржаўная авіякампанія «Conviasa» праводзіць рэгулярныя палёты з Каракасу ў Дамаск і Тэгеран – пастаўляючы Ірану, «Хезбале» і звязаным з імі наркагандлярам падпольны шлях для перасоўвання людзей, кантрабанды і іншых матэрыялаў», – адзначаў у справаздачы Сенату ЗША ў 2012 годзе былы намеснік дзяржсакратара ЗША Роджэр Нарʼега.

У 2009 годзе іспанская газета «El Pais» абнародавала дакументы з кампʼютара Рауля Рэеса – аднаго з лідараў групоўкі калумбійскіх марксісцкіх паўстанцаў, які быў забіты годам раней у ходзе рэйду калумбійскіх салдатаў у Эквадоры.

«Анёл» абмеркаваў з беларускімі ўладамі магчымасць паставак зброі <…> Наш беларускі сябар працягвае працаваць над шляхамі вырашыць праблемы праз пастаўкі на чорным рынку <…> Дэлегацыя ад сябра прыбудзе ў Каракас 17 лютага <…> «Анёл» папрасіў, каб мы былі там і дамовіліся з дэлегацыяй асабіста«, – пісаў Іван Маркес Раўлю Рэесу 8 лютага 2009 году.

Паводле «El Pais», «Анёл», гэта – прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес, беларускі сябар – тагачасны дзяржсакратар беларускай Рады бяспекі, а цяпер – кіраўнік справамі прэзідэнта – Віктар Шэйман. А ўдзельнікі абнародаванай карэспандэнцыі – лідары «FARC» – групоўкі калумбійскіх марксісцкіх паўстанцаў, якая фінансуе сваю дзейнасць выкраданнямі людзей за выкуп і вытворчасцю какаіну. ЗША і Еўразвяз прызнаюць гэтую групоўку тэрарыстычнай. Сапраўднасць абнародаваных дакументаў пазней агенцтву «Reuters» пацвердзіў Інтэрпол. У дакументах кангрэсу ЗША Беларусь таксама вінаваціцца ў пастаўках зброі групоўкам «Хезбала» ды «Хамас».

«Не сакрэт, што «Хезбала» мела стасункі яшчэ з савецкім урадам», – каментуе эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

Беларуска-венесуэльскімі праектамі «распільвалі» бюджэт

Колькі грошай з гэтых ценявых здзелак даходзіць да беларускага бюджэту – невядома. Але публікацыі венесуэльскай ды расейскай прэсы ўказваюць на тое, што афіцыйныя праекты Менску і Каракасу выкарыстоўваліся, сярод іншага, для «распілу» чыноўнікамі бюджэтных грошай як Венесуэлы, так і Беларусі. У 2011 годзе венесуэльская газета «El Universal» абнародавала артыкул пад загалоўкам «Беларуская Мафія». У ім Белзамежбуд, які будаваў жыллё ў Маракаі ды Каракасе звінавацілі ў маштабным раскраданні будаўнічых матэрыялаў. За 4 гады, паводле «El Universal», беларуская кампанія пабудавала толькі 4% ад абяцанай колькасці кватэр, прычым, кепскай якасці. У Выніку, саўладальнік Белзамежбуду Шаўцоў быў арыштаваны за крадзеж дзвюх тон арматуры, але пазней вызвалены.

Яшчэ адна афера тычылася ўдаваных паставак у Беларусь венесуэльскай нафты. Паводле «El Universal», у часе перамоваў, беларускі бок хацеў купляць яе з 30-адсоткавай зніжкай ад сусветнай цаны. Афіцыйны Каракас пагаджаўся на гэта, тлумачачы, сваім выбарцам, што гэтую зніжку яму кампенсавала Расея, выкупіўшы па добрай цане венесуэльскія нафтаперапрацоўчыя заводы ў Нямеччыне, якія Уга Чавес ня мог прадаць з 2001 году.

З улікам кошту дастаўкі, канчатковая цана венесуэльскай нафты для Беларусі павінная была быць на 20% ніжэйшай за рынкавую. Але, паводле Белстату, нашая краіна, наадварот, пераплачвала за яе дадатковых 10% да сусветнай цаны. У чыіх кішэнях знікала розніца – невядома.

Адначасова «Новая Газета» увогуле паставіла пад сумнеў, тое, што венесуэльская нафта пастаўлялася ў Беларусь, прынамсі – у абвешчаных абʼёмах. Па выніках вялікага доследу, расейскае выданне адзначыла, што танкеры, якія нібыта выпраўляліся з Венесуэлы ў Беларусь часта не даходзілі да Балтыйскіх партоў. А калі даходзілі, то пустымі – не разгружацца, а, наадварот, браць новы груз. Чыгуначныя ж пастаўкі вуглевадародаў у Беларусь з Украіны і краінаў Балтыі падазрона супадалі з маршрутамі вывазу з Расеі кантрабанднай нафты, якую тамтэйшыя нафтавікі экспартуюць без выплаты належных мытаў.

«Цалкам верагодна, што Венесуэла такім чынам выступала як прыкрыццё», – мяркуе палітолаг Андрэй Елісееў.

На карысць таго, што замест венесуэльскай нафты Беларусь імпартавала кантрабандную расейскую сведчыць і тое, што гэтыя пастаўкі працягваліся і пасля таго, як Расея зноў пачала прадаваць нашым нафтаперапрацоўчым заводам сыравіну па ільготнай цане. Прычым, заморскія вуглевадароды працягвалі ісці ў Беларусь не з Азербайджану праз украінскі трубаправод Адэса-Броды, у рамках заключанай раней дамовы, а па ўтрая даражэйшым чыгуначным маршруце праз краіны Балтыі.

«Транспартнае плячо робіць гэтыя пастаўкі нявыгаднымі пры любых абставінах», – кажа шэф-рэдактар выдання «Экономическая газета» Леанід Фрыдкін.

Эканамічны сэнс такія пастаўкі маглі мець толькі ў выпадку, калі венесуэльская нафта насамрэч прывозілася не з-за акіяну, а ішла чыгункай з Расеі. Дарэчы, спыніліся гэтыя пастаўкі адначасова са спыненнем іншай кантрабанднай схемы – рээкспартам расейскіх нафтапрадуктаў праз Беларусь пад выглядам растваральнікаў, калі Крэмль прыкрыў гэты кантрабандны маршрут.

Менск развіў стасункі з Каракасам дзякуючы расейскаму ўзбраенню?

Што мы высветлілі па выніках нашага расследавання? Кароткатэрміновы гандлёвы ўздым паміж Беларуссю і Венесуэлай быў вынікам разавай здзелкі па ўзбраеннях паміж Масквой і Каракасам, у якой яны вырашылі выкарыстаць Менск у якасці пасярэдніка.

За гэта Беларусь атрымала невялікую плату – крэдыт на паўмільярда долараў, які пагасіла таварамі і паслугамі, а таксама некалькі мільёнаў тон таннай венесуэльскай ці кантрабанднай расейскай нафты. Заробленыя грошы былі, аднак, зʼедзеныя адначасовым павышэннем цаны на расейскія энергарэсурсы для нашай краіны. Супраца, якая, магчыма працягваецца паміж Менскам і Каракасам цяпер, гэта – пастаўкі зброі тэрарыстам і наркагандлярам на Блізкім Усходзе ды ў Лацінскай Амерыцы. Але гэтыя абʼёмы – у нацыянальных маштабах – невялікія і якая частка іх патрапляе ў беларускі бюджэт – невядома. Вядома толькі пра раскраданне на венесуэльскіх праектах бюджэтных грошай.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu