Заробкі сілавікоў: Адданасць у абмен на грошы


Колькі ў краіне міліцыянтаў і колькі яны атрымліваюць за сваю працу, дакладна не вядома. Інфармацыя закрытая, таму вакол яе шмат плётак. Тым часам на сайтах пошуку працы хапае вакансіяў міліцыянтаў. Колькі ж ім абяцаюць?

Яўген Юшкевіч адпрацаваў пяць гадоў следчым у Следчым камітэце. Працу любіў, але сышоў на большыя грошы ў IT. Ягоны заробак у 2017 годзе складаў 840 рублёў. Кожны квартал за добрую працу – яшчэ прэмія 320 рублёў.

Два гады таму ў праваахоўных органах правялі кадравыя рэформы, і заробкі крыху выраслі. Але плыткасць кадраў усё роўна вялікая.

«Вельмі разумныя – сыходзяць. Калі ты можаш зарабляць больш, навошта зарабляць менш?» – кажа Яўген.

Яўген прызнае, што ў сістэме праваахоўных органаў Следчы камітэт лічыцца даволі добрым месцам для працы. З прычыны адэкватнага кіраўніцтва. А можна трапіць у горшыя ўмовы. І тады людзі нават гатовыя выплачваць грошы за дзяржаўную адукацыю, абы не адпрацоўваць размеркавання.

«Следчы ў асабліва важных справах, які працуе 15 гадоў, – гэта падпалкоўнік. Яны зарабляюць недзе 1700 рублёў. А той, хто працуе год, старлей, аператыўнік гэтак званы, зарабляе недзе 1050 рублёў», – тлумачыць Яўген.

Асабісты капітал
Зазірнулі ў кішэні дэпутатаў. За што такія заробкі?
2019.11.25 19:05

Як не заробак, так сацыяльны пакет

Адкуль бягуць людзі, відаць на сайтах пошуку працы. Вось, напрыклад, шукаюць міліцыянта ў роту міліцыі ў Пінск. Заробак – 450 рублёў. На такой жа пазіцыі ў Чашніках абяцаюць 650, у Віцебску – 750 рублёў. Інспектар ДПС у Менску можа зарабіць 1200 рублёў. Адукацыя не патрэбная.

Дэпартамент аховы МУС:

«Першапачаткова прыблізна ад 800 рублёў. Гэта без прэмій. А далей – як будзеце працаваць, у нас ёсць квартальныя прэміі, гадавыя, прэміі за раскрыццё злачынстваў».

Інфармацыю аб заробках кіраўніцтва можна знайсці хіба што ў дэкларацыях кандыдатаў, якія ішлі ў дэпутаты. Кіраўнік Стаўбцоўскага РАУС, які стаў дэпутатам, задэклараваў за мінулы год даход 40 000 рублёў. Гэта 3380 рублёў на месяц.

Але галоўнае, што трымае людзей на працоўным месцы, – сацыяльныя гарантыі. Міліцыянты страхуюцца ад усіх рызыкаў. Прыехаў з вёскі, няма дзе жыць – дадуць інтэрнат. Дзеці гарантавана атрымаюць месца ў дзіцячым садку. Паставяць на чаргу на кватэру, і можна атрымаць ільготны крэдыт на кватэру пад 5 % гадавых на 20 гадоў. І сысці на пенсію ў 48 гадоў.

«Я жыў у арэнднай кватэры, я плаціў 40 рублёў і жыў у вельмі файным месцы. Я дзяржаве за гэта магу толькі дзякуй сказаць», – прызнаецца Яўген Юшкевіч.

Hавiны
Кіраўнік МУС: Ацэньваць міліцыянтаў будуць па балах
2019.09.06 11:24

Напружаная праца патрабуе дадатковай падтрымкі, каб кампенсаваць невялікія заробкі для шараговых працаўнікоў. І некаторых гэта сапраўды ўтрымлівае.

«Цяпер справа не ў тым, колькі хто зарабляе, а ці адпавядае гэты заробак твайму прафесіяналізму. Напрыклад, калі ёсць аператыўнікі, крымінальны вышук, гэтыя ж людзі рызыкуюць сваім жыццём кожны дзень, ім не шкада і больш грошай», – мяркуе лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

Лічыцца, што ў Еўропе Беларусь займае першае месца ў колькасці міліцыянтаў на душу насельніцтва. Але розныя крыніцы падаюць розныя лічбы – ад 405 да 1200 сілавікоў на 100 тысяч насельніцтва. У кожным выпадку, таямніцы вакол пэўнай з’явы заўсёды зніжаюць давер да яе. Але тое, якія звесткі адкрываць, – выбірае кіраўніцтва краіны.

Асабісты капітал
Добрыя грошы за лаяльнасць: колькі зарабілі выбарчыя камісіі?
2019.12.30 19:05

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Якая праца дае шанец на добры заробак у 2020 годзе?
  • Чаму не працуюць судовыя выканаўцы?
  • Хто такія «самазанятыя»?

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».