Зарабіць на «афганцах» ці дапамагчы ім?


Беларусы выдаткоўваюць на дабрачыннасць каля 100 млн долараў на год. Ці ўсе гэтыя грошы атрымліваюць тыя, каму іх прызначылі? Як выглядае сітуацыя з дабрачыннаю дапамогай ветэранам вайны ў Афганістане? Чаму сітуацыя нашых «афганцаў» горшая, чымся ў Расеі ды Украіне? Глядзіце чарговае журналісцкае расследаванне.

«Ахвяраванні ўдзельнікам вайны – адная з самых папулярных катэгорыяў у малога і сярэдняга бізнесу. І калі я пачала вывучаць іхную дзейнасць, то пачала сутыкацца са шмат якімі нестыкоўкамі», – распавядае Вольга Ратмірава. Журналістка аналізуе працу дабрачынных арганізацыяў, якія збіраюць грошы для ветэранаў вайны ў Афганістане.

Чаму наагул з’явілася патрэба дапамагаць гэтай катэгорыі грамадзянаў? Аказваецца, беларускія вайскоўцы, якія бралі ўдзел у савецкай вайне ў Афганістане, маюць менш льготаў ды гарантыяў, чым ветэраны Другой сусветнай вайны. У Расеі або ва Украіне гэтыя катэгорыя ветэранаў – роўныя.

Да таго ж, у 2015 годзе ўлады Беларусі правялі гэтак званую перарэгістрацыю ваенных ільготнікаў. Ад ветэранаў запатрабавалі доказы таго, што яны сапраўды ўдзельнічалі ў баях. Камуністычная партыя СССР хавала маштаб вайны ў Афганістане, а камандзіроўкі шмат якіх вайскоўцаў афармлялі як памежную службу. Гэткім чынам шмат якія былыя жаўнеры страцілі свае льготы.

У гэтай сітуацыі ветэраны самаарганізоўваюцца для ўзаемнай дапамогі. Напрыклад, кіраўнік міжнароднага фонду «Баявое братэрства без межаў» Віктар Сівохін зарганізаваў мабільныя гурты музыкаў. Яны ездзяць па беларускіх гарадах, дзе жывуць ветэраны, і спевамі завабліваюць мінакоў да скрынкі для ахвяраванняў. Паводле валанцёраў, беларусы адгукаюцца надзвычай ахвотна.

Аднак імправізаваныя канцэрты перапыняюцца актывістамі, якія лічаць, «што яны збіраюць сродкі для тэрарыстаў ЛНР і ДНР». Дзеля пацверджання журналістцы нават даслалі фотаздымкі баевікоў з сепаратысцкіх рэгіёнаў Украіны, вельмі падобных да салістаў імправізаваных канцэртаў «Баявога братэрства» ў Менску.

Журналісты працягнулі расследаванне. Ці пацвердзіліся абвінавачанні актывістаў? Ці сапраўды валанцёры, якія збіралі грошы на дапамогу афганцам, аказаліся баевікамі ЛДНР? Ці пацвердзіліся іншыя абвінавачанні што да дзейнасці фонду «Баявое братэрства без межаў» і беспасярэдне да яго кіраўніка Віктара Сівохіна – глядзіце ў чарговым расследаванні праграмы «Давайце разбірацца».

Праграму аўтарскіх расследаванняў Станіслава Івашкевіча «Давайце разбірацца» глядзіце кожны другі чацвер а 19.05 тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4 A» (ранейшая назва «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.