Замест студэнцкага білета – арышт, эміграцыя і вайсковы білет


У праграме «Беларускі свет» даведаемся, як складваецца жыццё былога беларускага студэнта, які пацярпеў ад пераследу.

18-гадовага Мiкалая схапілі 11 жніўня, калі ён расклейваў улёткі аб страйку. З РУУС хлопец трапіў на Акрэсціна. Пасля арышту лекары дыягнаставалі ў яго чэрапна-мазгавую траўму, страсенне, выцятыя месцы, сінякі, а таксама посттраўматычны стрэсавы разлад.

«Пачынаючы з 1 верасня я ўдзельнічаў у студэнцкіх акцыях пратэсту, маршах, акцыях на тэрыторыі ўніверсітэту. 1 верасня мы з сябрам пайшлі падпісваць петыцыю да рэктара з заклікам асудзіць гвалт, фальсіфікацыю выбараў, падтрымаць сваіх студэнтаў. Пасля таго, як падпісалі петыцыю, мы пайшлі на пары. А потым у нашым канале напісалі, што тых дзяўчат, якія збіралі подпісы пад петыцыяй, затрымалі невядомыя ў цывільным на тэрыторыі ўніверсітэту, закінулі ў машыну. Натуральна, пасля такіх навінаў мы не маглі сядзець і пайшлі на марш», – узгадвае пачатак навучальнага года Мікалай.

26 кастрычніка падчас студэнцкага маршу Мікалая зноў затрымалі – побач з універсітэтам. Адбыўшы арышт, Мікалай даведаўся, што адлічаны з універсітэту.

«29 чысла нас выклікалі ў дэканат, і пакуль мы чакалі, паглядзелі ў тэлеграм-каналы. Там была інфармацыя, што ў тых, хто выходзіў з кабінетаў, былі загады аб адлічэнні і пазовы ў ваенкамат. Яны расказалі, што ў рэктараце сядзеў чувак з ваенкамату і раздаваў пазовы ды падпіскі аб нявыездзе».

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Завітаем у музычную студыю ў Кіеве, каб паслухаць украінскі рэмікс на адну з песень гурта «Shuma» ды распытаць у спявачкі Русі, як яна жыве ў Кіеве.
  • Дзеці беларускіх палітычных уцекачоў атрымаюць падарункі на Раство і Новы год, дзякуючы валанцёрам з беларускай дыяспары.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu