Гарачы каментар Замест годнага пахавання косткі расстраляных разлажылі… па памерах


Пераносімся ў Берасце, дзе падчас будоўлі элітнага кварталу знайшлі парэшткі амаль 1000 асобаў. Гарачую тэму абмяркоўваюць ужо не першы месяц. Сваё меркаванне адносна гэтых знаходак і абмеркавання ў медыях «Рэальнаму Берасцю» выказалі прадстаўнікі габрэйскай грамады.

Кіраўнік юдэйскай грамады «Эмуна» Барыс Брук:

«Нельга спекуляваць на крыві ды парэштках людзей, да якой бы нацыянальнасці яны ні належалі. Трэба проста і з годнасцю згодна з габрэйскімі традыцыямі перапахаваць гэтыя парэшткі».

Яфім Басін, Берасцейскі габрэйскі цэнтр «Хэсэд-Давід»:

«Калі казаць пра агульнае пачуццё – то гэта расчараванне. Мяне расчароўвае і рэакцыя нашай грамадскасці з аднаго боку, а з іншага боку нейкае неразуменне ўладаў. Перадусім вельмі шмат спекуляцыяў, вельмі шмат самапіяру, пры гэтым няма спробы разабрацца, што за гісторыя гэтага месца, у гісторыі гэтых падзеяў».

Ушанаваць памяць бязвінна забітых людзей днямі спрабаваў мясцовы жыхар Віталь Казак, які прынёс кветкі, знічы і фотаздымкі вязняў берасцейскага гета да месца масавых расстрэлаў каля будаўнічай пляцоўкі. Улады ж палічылі гэта парушэннем правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў ды пакаралі штрафам на 510 рублёў.

«Улада ўжо паталагічна баіцца ўсіх надпісаў і малюнкаў, якія размясціла не яна. А думаць пра сэнс гэтых надпісаў – няма чым. Бо гэта, падобна, абавязковая ўмова для пасады», – пішуць карыстальнікі на форуме Tut.by.

Тым часам стала вядома, што знойдзеныя фрагменты костак на гэтым месцы вырашылі раскласці… паводле велічыні: чарапы – асобна, галёнкавыя косткі – таксама асобна, косткі з пальцаў рук і ног – склалі ў іншую, асобную скрыню. Архітэктарка і краязнаўца Ірэна Лаўроўская на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» заўважае:

«Гэта тыя, каго забілі, каго кінулі ў ямы, і яны там ляжалі да сённяшняга снежня. Кожны з [іх] быў канкрэтнаю АСОБАЮ, меў імя, прозвішча, свой узрост, гісторыю, свае хваробы… веды… заслугі. МЫ, новае пакаленне берасцейцаў, адмовілі ім нават у такой дробязі – застацца асобаю».

У сваю чаргу старшыня Берасцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук паведаміў, што месца гета ўвекавечаць і зробяць там зялёную зону. «Былі б парэшткі ахвяраў сталінізму – залівалі б бетонам з падвойнаю хуткасцю», – дадаюць чытачы на форуме «Нашай Нівы». Ці можна верыць абяцанням уладаў, пагаворым з доктаркаю мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры Ірынаю Лаўроўскай:

«Я сама была сведкаю адкрыцця першай ямы. Я была маленькім дзіцём, і вельмі добра памятаю, як адкапалі тую яму. Інфармацыя аб адкрыцці таго места была шырокавядомая. Апрача таго, што былі дакументы, зробленыя ў 50-я гады, было і тое, што на тэрыторыі бы пастаўлены помнік. То бок усе разумелі, што робяць. Інашая рэч, на яркую я асабліва звяртаю ўвагу, што гэта тэрыторыя знаходзіцца ў структуры гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр Брэста» над нумарам 1112. Яна ўнесеная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. На гэта тэрыторыі павіннае адбывацца будаўніцтва, згоднае з пэўнай працэдурай удакладненняў, даследаванняў і археалагічных даследаванняў. Гэта не было зроблена…»

Працяг размовы – у сюжэце.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары