Асабісты капітал Замест дапамогі – пагрозы. Людзі змагаюцца з чыноўнікамі за якасць жыцця


Замест таго, каб дапамагчы сям’і з дзецьмі з аварыйнага дому з рамонтам або з узгадненнем рэканструкцыі, чыноўнікі пагражаюць руплівым вяскоўцам адбіраннем дзяцей, судамі ды штрафамі. Аварыйнасці не прызнаюць і падменнага жытла для дзяцей у іх таксама не знайшлося. А вось паперы і часу на напісанне папярэджанняў дастаткова.

Сям’я пастара Аляксея Сцепановіча перабралася ў Дзятлаўскі раён з Берасцейскай вобласці гадоў 7 таму. Пасяліліся ў доме ад прыходу. А летась дом пачаў развальвацца.

«Раней гэтага не было. Нічога гэтага не было – шпалеры віселі роўна, усё нармальна было. Літаральна з леташняга траўня сталі трэскацца шпалеры, потым сцяна стала разыходзіцца мацней, потым яна пачала выгінацца паступова», – кажа Ніна Сцепановіч, жыхарка в. Хвіневічы.

Стала заўважна прасядаць столь і ціснуць на драўляныя перагародкі. А ў сям’і – трое дзяцей, і бацькі хвалююцца, ці бяспечна ім заставацца ў пакоях.

Дом належыць прыходу, і на яго рамонт царква грошай не мае. А чыноўнікі лічаць, што рамонт наагул не патрэбны. Каб даказаць адваротнае, патрэбная экспертыза, якая каштуе 500 рублёў. Спадарыня Ніна вырашыла, што замест кабінетных выдаткаў лепш гэтую суму пусціць на рамонт.

Дапамагчы сям’і вырашылі родныя: набылі для маці Ніны ў гэтай жа вёсцы стары дом за 5 тысячаў рублёў. Каб там можна было спакойна зрабіць рамонт ды забраць дзяцей, калі цяперашні дом зробіцца яшчэ больш небяспечны.

Без дапамогі, але з пагрозамі

Спадарыня Вольга пачала рабіць рамонт, не хавалася, а старшыня сельсавету ўвесь працэс бачыў і ніякіх заўвагаў не выказваў. А потым па вёсках праехала праверка ў пошуках самабудаў і знайшла шматлікія парушэнні ў доме спадарыні Вольгі.

Дашчаныя сцены жанчына замяніла на блокі, зрабіла перапланаванне, дабудавала пару метраў веранды, накрыла дах. Узяла крэдыт на вокны.

«Але калі я 7 снежня прапісала дзяцей, адразу прыйшло прадпісанне: спыніць рамонт і будоўлю. Мы спынілі. Мы да гэтага часу нічога не можам зрабіць», – тлумачыць Вольга Хлебавец, бабуля дзяцей.

Жанчына згодная, што парушыла правілы. Але гэтак адбылося таму, што не змагла ад сельсавету і райвыканкаму атрымаць падтрымання з рамонтам старога дому, у якім у любы момант абваліцца столь. Ні часу, ні грошай у сям’і на ўсе ўзгадненні ды праекты проста няма. А жыццё дзяцей даражэйшае за штрафы.

«Увайдзіце ў нашае становішча! Дайце нам не грошай, нічога – дайце нам час! Дайце нам ледзь-ледзь, паўгода, сем месяцаў, а далей судзіце, людзі, як можаце», – не хавае слёз Вольга.

Гэтая праблема па сутнасці ўзнікла на пустым месцы. І больш сведчыць пра няздатнасць або нежаданне мясцовых уладаў развязаць самыя простыя побытавыя пытанні. Але не паспела нашая здымачная група з’ехаць, як жанчынам затэлефанавалі і з прыходу, і з выканкаму ды паабяцалі паспрыяць у развязанні праблемы.

Адвакаты тым часам тлумачаць, што парадак узгаднення залежыць ад віду праведзеных будаўнічых працаў.

«Напрыклад, руйнаванне апорных сценаў, нарошчванне дадатковага паверху, мансарды ў межах існага падмурку – гэта ўсё ўжо патрабуе пэўных укладанняў, вызначаных разлікаў», – тлумачыць адвакат Уладзімір Шапашнікаў.

Калі працы ўжо скончаныя, то трэба або звярнуцца з сельсавет з просьбаю прыняць у эксплуатацыю ўжо існую забудову, або ў суд. Звычайна, калі дом пабудаваны, ніхто яго не руйнуе.

З досведу адвакатаў у спрэчках наконт будоўлі ніколі не бывае боку, які мае абсалютную рацыю. Тут зварот уладальніка ў сельсавет па дазвол і нармальнае веданне чыноўнікамі нормаў заканадаўства адразу б папярэдзілі ўсе спрэчкі ў будучыні.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Як бізнес паспаявае зарабіць за лета
  • Лукашэнка ратуе будаўніцтва?
  • Як беларусы адзначалі Вялікдзень

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Глядзі таксама
Каментары