Закрытыя выбары Лукашэнкі з ілюзіяй альтэрнатывы. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Лукашэнка праводзіць закрытыя выбары і стварае ілюзію альтэрнатывы. Зянон Пазняк каментуе сітуацыю ў Беларусі ды прэзідэнцкія амбіцыі Валера Цапкалы і Віктара Бабарыкі.

Больш пра тэмы праграмы:

Выбары на фоне эпідэміі. На што гатовы Лукашэнка, каб застацца пры ўладзе?

Выбары на фоне пандэміі ды бітвы за ўраджай – такое ў Беларусі дакладна будзе ўпершыню. У краіне лютуе каронавірус, эканоміка – пад сур’ёзнаю пагрозай, а Лукашэнка спяшаецца як мага хутчэй пераабрацца, пакуль іншым краінам – не да дэмакратыі ў Беларусі. На што гатовыя ўлады, каб адладжаная гадамі выбарчая машына не давала збояў? Разбіраўся Зміцер Міцкевіч.

Зянон Пазняк: Лукашэнка адкрыта заражае нацыю каронавірусам

Кіраўнік Беларусі ўсімі сродкамі будзе зацягваць беларусаў на выбары, каб стварыць ілюзію яўкі. Выбары ў Беларусі – недэмакратычныя, а сёлета сітуацыю дадаткова ўскладняе эпідэмія. З якою мэтаю вылучыліся Валер Цапкала і Віктар Бабарыка? Інтэрв’ю з Зянонам Пазняком, кіраўніком Кансерватыўна-хрысціянскай партыі Беларускага Народнага Фронту.

Набліжаецца старт БелАЭС. Ці каронавірус затрымае запуск электрастанцыі?

У ліпені маюць загрузіць ядравае паліва ў першы энергаблок, хаця ў Міністэрстве энергетыкі падкрэсліваюць, што тэрміны могуць адсунуцца. На фоне будаўнічых працаў, якія не спыняюцца нягледзячы нават на пандэмію, прэзідэнт Літвы заявіў, што Вільні трэба развеяць ілюзіі: Беларусь не адмовіцца ад запуску АЭС. Аднак ёсць адна праблема, і яна не тэхнічная. Сюжэт Аркадзя Несцярэнкі.

COVID-19 не адступае. Калі чакаць другую хвалю заразы?

Для поўнага кантролю над распаўсюджваннем каронавіруса чалавецтву спатрэбіцца не менш за пяць гадоў, лічаць спецыялісты Сусветнай арганізацыі здароўя. У Еўрапейскім агенцтве лекавых сродкаў заявілі, што паводле самых аптымістычных падлікаў вакцына ад каронавіруса з’явіцца прыкладна праз год. Магчыма, што сітуацыя з COVID-19 будзе падобная да змагання з ВІЧ: навукоўцы знойдуць метады тэрапіі, але вірус не знікне. Несуцяшальныя весткі і з Кітаю: выпадкі заражэнняў COVID ізноў назіраюцца ў горадзе Ўу-Хань, дзе ўсё пачалі і дзе думалі, што перамаглі хваробу. Калі чакаць новай хвалі? Разбіралася Наста Ільіна.

Эпідэмія атакуе Крэмль. Як абараняецца расейскі ўрад?

Такі дыягназ паставілі некалькім міністрам, а таксама кіраўніку расейскага ўраду Міхаілу Мішусціну і кіраўніку прэсавай службы прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Пяскову. Аднак, са словаў Пяскова, ён не бачыўся з кіраўніком Расеі больш за месяц. Ці гэта гарантуе бяспеку гаспадару Крамля? Расейскі ж урад абараняе сябе ад інфекцыі ды яе наступстваў не толькі бэйджамі, але і новымі законамі. Якімі, высвятляла Святлана Аўчарова.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:20. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Калаж з фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum