Гэтае трагічнае забойства – новы крок у эскалацыі супрацьстаяння паміж рэжымам Лукашэнкі ды беларусамі, якія прагнуць пераменаў. Што зменіць забойства Рамана Бандарэнкі ў хадзе палітычнага крызісу? Ці стане гэтая смерць недарэмнай ахвярай? Ці пакараюць вінаватых? Усе гэтыя пытанні абмяркоўваюцца ў студыі праграмы «Кожны з нас».
У запісе праграмы бяруць удзел галоўны рэдактар «Еўрапейскага радыё для Беларусі» Павел Свярдлоў, праваабаронца Алег Волчак і музыка Піт Паўлаў, які за некалькі дзён да гібелі Рамана выступаў на Плошчы пераменаў. Эксперты ў студыі абмяркоўваюць узмацненне рэпрэсіяў да гістарычнага максімуму і праводзяць паралелі з метадамі нацыстаў у 1930-я і 1940-я.
У студыі выступае Аляксандр Дзядок – бацька нядаўна затрыманага анархіста і грамадскага дзеяча Мікалая Дзядка. Ён развенчвае міф пра экстрэмісцкія намеры сына, расказвае пра ягоную дзейнасць у апошнія гады і апавядае пра грунтоўную адукацыю сына, зусім не тыповую для «адмарозка».
Ксёндз Вячаслаў Барок дасціпна апісвае сітуацыю з рэпрэсіямі – з гледзішча хрысціянства. Як павінен сябе паводзіць сумленны чалавек? У якіх сітуацыях страх і бяздзеянне ёсць грахом, і чаму беларускі народ цвёрда стаіць на шляху да перамогі?
Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную сераду а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.