Асабісты капітал «За ўдзел у акцыях атрымала 10 тысячаў долараў штрафаў за год»: падлічылі, колькі каштуе права на масавыя сходы


За ўдзел у масавых сходах беларусаў могуць аштрафаваць або нават арыштаваць на 10 содняў. Нярэдка грамадскім актывістам даводзіцца трываць і ґвалт з боку міліцыянтаў. Паспрабуем падлічыць, колькі права на масавыя сходы каштуе беларусам.

«Парушэнне: стаяла са знічом на прыступках КДБ – 500 долараў штрафу», – распавядае пра пакаранні за ўдзел у акцыях грамадская актывістка Вольга Мікалайчык.

«Дэманстратыўна пастаяла каля бел-чырвона-белага сцяга» – яшчэ адная цытата з судовых пастановаў і яшчэ 500 долараў штрафу. Спадарыня Вольга – грамадская актывістка і ўдзельніца шмат якіх сходаў. За ўдзел у акцыі падтрымання палітвязняў, якая адбылася месяц таму, жанчыну таксама пакаралі грашыма – амаль на 1150 беларускіх рублёў.

«Напярэдадні акцыяў вельмі смешна бывае, могуць пабудзіць а 5 раніцы і свяціць ліхтарамі ў вокны, бамбіць у шыбы, у дзверы. Прычым не толькі мне, але і маім суседзям», – кажа Вольга Мікалайчык.

У 2017 годзе ўдзел у акцыях каштаваў Вользе 10 тысячаў долараў. Апроч гэтага, за нясвоечасовую аплату штрафаў на ейнае жытло быў накладзены арышт. Летась удзел у масавых сходах абышоўся грамадскай актывістцы 5 тысячаў долараў. Паўтары тысячы з іх яна ўсё яшчэ вінная дзяржаве.

«Мне нядаўна даслалі паперу, што будзе забаронены выезд з краіны, калі я не выплачу там нейкі яшчэ штраф. Вельмі цяжка гэтыя грошы знаходзіць, дзякуй усім, хто дапамагае мне», – распавядае грамадская актывістка.

Сплочваць штрафы спадарыні Вользе цяжка. Яна кінарэжысёрка. Знайсці працу ў Беларусі ёй таксама складана – актывістаў у краіне не любяць. Летась спадарыню Вольгу 7 разоў затрымлівалі: яны адбывала арышты тэрмінам ад 1 содняў да 10.

«Сітуацыя ў фінансавым плане катастрафічная ў мяне. Я нікому не кажу, але часта я пішу сваім сябрам: прынясіце паесці кату. Бо я сама на кашы з вадой магу, а кот – не», – кажа Вольга Мікалайчык.

Актывістка Вольга Мікалайчык: Трэба народу станавіцца грамадзянамі

Кошт варты ў Курапатах

Падлічым, колькі каштуе беларусам удзел ва ўмоўнай акцыі. Напрыклад, на сход прыйшло дзесяць чалавек, і кожны з іх атрымаў штраф 45 базавых велічыняў. Менавіта столькі найчасцей суд і спаганяе з людзей. Выходзіць, што агулам правядзенне акцыі каштавала ўдзельнікам 11475 рублёў. Або больш за пяць тысячаў долараў.

«12 машын ехала, 5 адразу развярнулася, калі даведаліся, што гэта такое. Мы раздаем буклецікі, пра Курапаты інфармацыйныя матэрыялы. Вядомыя людзі заклікаюць не наведваць гэтых месцаў», – распавядае ўдзельнік курапатаўскай варты грамадскі актывіст Зміцер Дашкевіч.

Варта ў Курапатах стаіць ужо каля 10 месяцаў. Штодзень грамадскія актывісты прыходзяць да рэстарацыі «Паедзем паядзім», каб нагадаць беларусам, дзе пабудаваны гэты забаўляльны аб’ект. Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскі час. Паводле даследчыкаў, там загінула ад ста да двухсот пяцідзесяці тысяч чалавек.

«Некаторыя сталіністы потым пішуць у сябе ў сацыяльных сетках: абгрызлі костачкі, яшчэ прыедзем. То бок ужо 90 адсоткаў людзей ведаюць, для чаго яны сюды едуць і што гэта за месца», – кажа Зміцер Дашкевіч.

Удзельнікаў пратэсту супраць рэстарацыі «Паедзем паядзім» неаднойчы затрымлівалі, штрафавалі, а нават і збівалі нецвярозыя наведнікі забаўляльнага аб’екту, пабудаванага на месцы масавых расстрэлаў. Але дзякуючы таму, што людзі штодня прыходзяць на варту, удалося прыцягнуць увагу да праблемы. Пра Курапаты загаварыў нават Лукашэнка.

«Я сам толькі адзін штраф атрымаў, калі выставіў тут расцяжку «Курапаты – дарога смерці» і каля кальцавой таксама. Тады чэкісты троху абазліліся, бо тут Лука ездзіць», – распавядае Зміцер Дашкевіч.

Павел Севярынец пра 10 содняў за Курапаты: Ім трэба арыштаваць сотні людзей, каб спыніць варту

Зарабіць на Канстытуцыі

У Беларусі, каб не пакаралі за ўдзел у акцыях, трэба здабыць дазвол на правядзенне масавага сходу ў чыноўнікаў. Заяву трэба адправіць не пазней як за 15 дзён да планаванай даты правядзення акцыі. Пасля гэтага 10 дзён чакаць вердыкту. Але, як паказвае практыка, на станоўчы адказ спадзявацца марна.

«Гэта палітыка беларускіх уладаў – не даваць дазволу грамадзянам збірацца ў публічных месцах. Не даваць права выказваць сваё меркаванне пра тое, што адбываецца ў Беларусі, даваць сваю ацэнку, заяўляць свой пратэст», – каментуе сітуацыю Юрый Губарэвіч, лідар руху «За свабоду».

Калі ўявіць, што акцыю дазволілі, то за яе правядзенне ўсё адно давядзецца заплаціць дзяржаве. Прысутнасць на масавых мерапрыемствах міліцыянтаў, хуткай дапамогі, камунальнікаў – абавязковая і платная.

«Што датычыць паслугаў міліцыянтаў, то там ёсць жорсткая прывязка да колькасці ўдзельнікаў. Пачынаецца ад некалькіх базавых за маленькі пікет на 10 чалавек. І заканчваецца тысячамі, 5 тысячамі долараў нават за мерапрыемства з колькасцю ўдзельнікаў 1000 і болей», – кажа Юрый Губарэвіч.

Відавочна, што ўлады робяць усё магчымае, каб не дазваляць беларусам збірацца разам і выказваць свае думкі. І не важна, ці гэта нейкая палітычная акцыя, ці пратэст супраць, напрыклад, высяканне дрэваў у парку – і тое, і другое не выгаднае ўладам, бо падрывае аўтарытэт гаранта. Калі акцыю ўсё ж дазволілі – заплаці дзяржаве некалькі тысячаў долараў, калі не дазволілі – гэтую ж суму з удзельнікаў акцыяў спагоняць штрафамі. Як бачым, на канстытуцыйным праве беларусаў на масавыя сходы дзяржава няблага зарабляе.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Кіроўцы перамаглі BelToll
  • У 2018-м беларусы куплялі тэлевізары і алкаголь
  • Ці магчыма ў Беларусі зарабіць на песнях ды музыке?

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Глядзі таксама
Каментары