За сцяг асудзілі 87-гадовую пенсіянерку, а шматдзетную маці адправілі на Акрэсціна


Беларусак асудзілі за бел-чырвона-белы сцяг на вокнах: 87-гадовая Елізавета Якаўлеўна адмовілася сядаць на судзе на знак пратэсту, а маці траіх няпоўнагадовых дзетак Кацярыну, якую затрымалі з немаўляткам на руках, завезлі на Акрэсціна.

Нашая першая гераіня Елізавета Якаўлеўна ў маленстве спазнала ўсе жахі вайны. У юнацтве ж праславіла Беларусь на спартовых спаборніцтвах найвышэйшага ўзроўню – і была чэмпіёнкаю. А ў 87 гадоў паўстала перад беларускім судом за бел-чырвона-белы сцяг, за які ў сённяшняй Беларусі заарыштоўваюць, катуюць, збіваюць і забіваюць.

Елізавета.
Фота: скрыншот відэа Belsat.eu

Калі сярод нашых гледачоў ёсць тыя, хто можа дапамагчы нашай гераіні спадарыні Елізавеце аднавіць слых, каб яна зноў магла пачуць, як граюць ейныя ўлюбёныя Вольныя Купалаўцы, – звяртайцеся да нас – каб разам падтрымаць спадарыню Елізавету.

Елізавета.
Фота: скрыншот відэа Belsat.eu

Гэта праграма «Беларус беларусу». Нашая другая гераіня – шматдзетная маці Кацярына, якая таксама пацярпела праз сцяг. Яе затрымалі з маляткам на руках, а пасля завезлі на Акрэсціна, нягледзячы на трох няпоўнагадовых дзяцей. Яна ледзь паспела перадаць дзіця ў рукі родзічаў.

Пры канцы мінулага года пайшоў з жыцця бацька нашае гераіні. Апошні раз Кацярына бачылася з ім, калі тата прыязджаў сустракаць дачку з турмы Акрэсціна.

Кацярына.
Фота: скрыншот відэа Belsat.eu

Калі вы можаце дапамагчы нашай гераіні вярнуць скрадзеныя ў яе з дзецьмі святы і зарганізаваць для яе адпачынак у аграсядзібе (або маеце прапанаваць іншыя ідэі) – то лістуйце нам.

Калі сярод вас ёсць тыя, хто хацеў бы падзяліцца сваймі гісторыямі або падтрымаць нашых герояў і гераінь (гэта можна зрабіць публічна або ананімна), – звярніцеся да нас: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрыманне і перамога.