За Швейцарыю і ня толькі: Лукашэнку «двойка» па геаграфіі

Сядай, двойка! У дзённіку Аляксандра Лукашэнкі ўсё больш адмоўшчыны. Праваліў эканоміку, а цяпер і геаграфію. Швейцарыю – далучыў да Еўразвязу, а ягоны памочнік у наладжванні кантактаў са светам – Уладзімір Макей, пашкадаваў, што Беларусь б нельга перанесці ў «больш камфортнае месца». Як ківач, Лукашэнка хістаецца не першы год… Як цяпер з Усходам не заладзілася, то на Захад кінуўся. З памылкамі:

«І не трэба нас, дапусцім, параўноўваць з дзяржавамі, такімі, быццам бы, як мы: Швейцарыяй, Аўстрыяй і гэтак далей. Абсалютна нельга, таму што гэтыя дзяржавы існуюць у складзе магутнага, вялізнага Еўрапейскага саюзу».

Эммм… да Еўразвязу Швейцарыя не далучалася… Ляп!!! І гэта напярэдадні абмену пасламі, з нагоды якога завітаў кіраўнік дэпартаменту замежных справаў Швейцарыі! Далей – больш:

«Часта, калі кажуць пра Беларусь, кажуць што гэта ўсходняя Швейцарыя».

У госця – Ігнац’ё Кассіса – забегалі вочы, і давялося вяртаць усё на свае месцы:

«Для нас гонар што Швейцарыя служыць прыкладам для Беларусі. Нас атачаюць суседзі, у тым ліку буйныя».

Буйныя, як, напрыклад, Еўразвяз… Аляксандр Рыгоравіч хоча, каб медыі даравалі яму такія «размовы». Змаўчаць пасля такога хіба толькі кішэнныя, якіх на гэтым тыдні збіраў на прачышчэнне акуляраў:

«Мы ж знаходзімся ў такой сітуацыі, што нам і ад саюзнікаў дастаецца і ад супернікаў ці ворагаў (як мы іх называем) і ў гэтым плане Беларусь прастрэльваецца з усіх бакоў».

Дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Андрэй Савіных удакладніў:

«Па нас будуць страляць не ракетамі, па нас ужо страляюць «Белсатам». Гэта стратэгічнае ўзбраенне, значна больш сурʼёзнае чымся ракеты сярэдняй і меншай дальнасці».

На такі камплімент «Белсат» 11 гадоў чакаў, але хто па кім страляе – праясняе галоўны рэдактар інфармацыйнага дня на «Белсаце» Ян Бабіцкі:

«Тое што мы бачым у дзяржаўных медыях – гэта так званая могілкавая стабільнасць, што ўсё добра, усім па 500 долараў і гэтак далей. Менавіта таму праз беларускія ўлады мы ўспрымаемся як небяспечная зброя».

Браць гледача Лукашэнка заклікаў не праўдаю, а талентам, пераканаўчасцю і аператыўнасцю:

«Мы мусім стварыць мабільны такі тэлеканал тыпу Euronews і іншых».

Інтэрнэт, які кіраўнік назваў галоўным канкурэнтам «целека», тут жа адрэагаваў!

«Сэр, трэба нешта рабіць, можа выпусцім шасі?»

«Не, мы выпусцім новы тэлеканал, каб усе бачылі як мы даўбанемся!»

Але зробім гэта прыгожа! У час, калі стратэгія ільготнай нафтаздабычы правалілася, а рэшта эканомікі ляжыць, пастанавілі «асвяжыць герб». Вось апублікаваны на прававым партале праект. Гэта стары герб, а гэта новы. Шукаем 9 адрозненняў:

  1. Канюшыну паправілі
  2. Лён таксама
  3. Замянілі калоссе
  4. Унізе пакінулі толькі зялёную стужку
  5. Павялічылі назву
  6. Павялічылі зорку
  7. Павялічылі і перафарбавалі мапу
  8. Перафарбавалі глобус
  9. І ўрэшце вяртаемся да геаграфіі – глобус жа падкруцілі!

Беларусь заняла сваё цэнтральнае месца, Расея адплыла да сябе на Усход, а для Еўропы – знайшлося месца. Усё як ёсць, шкада толькі Амерыка не ўлезла. Менчукі таксама шукалі розніцу:

«Тэрыторыя Расеі меншая».

«На першай выяве троху ярчэй і менш дэталяў, а на другой іх больш і колеры матавыя».

«Стары больш пазнавальны, таму я за стары варыянт».

Прапановы пасыпаліся ў сеціве 🙂 Дызайнер Алег Мініч і ў гэтай тэме пусціў ракету – арыгінальна і галоўнае – Беларусь добра трымаецца! Узор з адлюстраваннем абодвух дзяржаўных сімволікаў можна замовіць у сяброў-кітайцаў – з «Аліэкспрэсу». Смех смехам, а ў кожным кабінеце трэба будзе стары герб новым замяніць… а гэта суды, вучэльні, паліклінікі, міліцыя, бібліятэкі, выканкамы… бланкі, пячаткі… выдаткі… выдаткі!!! Леанід Заіка, Аналітычны цэнтр «Стратэгія»:

«Трэба абвесціць спаборніцтвы, хто хутчэй перагербаціць сябе. У дамах у падʼездах трэба новы герб даць абавязкова. Гэта абыдзецца па долару на кожнага беларуса… Мільёнаў дзесяць першапачаткова, потым на плакаты і знамёны».

Герб падкруцілі на Захад, можна і гімн адрэдагаваць, прапанаваў Віктар Малішэўскі:

Слаўся зямлі нашай светлае імя

Слаўся, Еўропы братэрскі саюз!

Нафта не наша дарожная карта

Вечна ЖЫВЕ (і квітней), БЕЛАРУСЬ!

Юлія Цяльпук, «Субʼектыў»

Глядзі таксама

Больш матэрыялаў

Трэцяе вока Лукашэнкі. Сцяпан Святлоў у «Суб’ектыве»

Лукашэнка рыхтуецца ўцякаць. NEXTA на «Белсаце»

Лукашэнка пабудуе стабільнасць у космасе. NEXTA на «Белсаце»

Лукашэнка рыхтуе рэвалюцыю. NEXTA на «Белсаце»

Коля Лукашэнка нахімічыў. NEXTA на «Белсаце»

Украінцы абурыліся Лукашэнкам. NEXTA на «Белсаце»

Каровы, Васілевіч, інтэграцыя – агляд падзеяў 2019 года. NEXTA на «Белсаце»

Міліцыя супраць Лукашэнкі. NEXTA на «Белсаце»