Былі расстраляныя 3 рэктары БДУ, 10 рэдактараў газеты «Звязда». Як знішчалі Беларусь


Пасля правядзення выбараў дзейны рэжым ужывае надзвычайны ў сваіх маштабах фізічны гвалт, арышты, масавыя звальненні і далейшае закручванне гаек. Такое развіццё падзеяў выклікае натуральныя асацыяцыі з тым, што адбывалася ў БССР у канцы 1920-х – 1930-я гг.

Станаўленне таталітарызму суправаджалася ламаннем традыцыйнага ладу жыцця і сацыяльнага ўкладу грамадства. Важным элементам усіх гэтых пераўтварэнняў сталі масавыя рэпрэсіі.

«Было расстраляна сем народных камісараў асветы, фактычна ўсе, хто ўзначальвалі гэтае ведамства ў 1920–30-я гг. Узгадаем, што больш за 100 аспірантаў Акадэміі навук было пасаджана і расстраляна, было расстраляна 10 рэдактараў газеты «Звязда». Толькі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. было расстраляна тры рэктары БДУ», – распавядае доктар гістарычных навук Аляксандр Гужалоўскі.

Змены закранулі ўсе сферы тагачаснага жыцця, у тым ліку культуру і навуку. У жорны сталінскіх рэпрэсіяў трапілі шматлікія пісьменнік, літаратары, рэжысёры, мастакі і навукоўцы.

«Для мяне па сённяшні дзень загадка: чаму знішчылі краязнаўцаў? У Беларусі на працягу 1920-х гг. склалася цэлая армія краязнаўцаў, больш за 10 тыс. чалавек – і гэта толькі афіцыйна зарэгістраваных, якія аб’ядноўваліся ў больш як 300 мясцовых краязнаўчых арганізацыяў. А вось гэта якраз была праява нізавой ініцыятывы. І фактычна гэтыя краязнаўцы пайшлі пад нож сталінскіх рэпрэсіяў аднымі з першых», – дадае прафесар Аляксандр Гужалоўскі.

Тыя, хто засталіся на волі, былі вымушаныя прыстасоўвацца да новых рэаліяў. Каб захаваць сваё жыццё і жыцці сваіх родных, яны адракаліся ад сваіх поглядаў і прынцыпаў. Даносы сталі неад’емнай часткай штодзённага жыцця.

«Справа ў тым, што ў сталінскім грамадстве не працавала нармальная сістэма камунікацыі з уладай, яна была аднабаковая. Адваротнай сувязі не было, але людзі імкнуліся нейкім чынам выказаць свае меркаванні, уражанні, таму адваротная сувязь у сталінскім грамадстве выбудавалася ў выглядзе гэтых соцень тысячаў і мільёнаў ананімных ці калектыўных лістоў, якія людзі пісалі кіраўнікам усіх узроўняў. Ведаеце, гэта былі не даносы, ужывалася такое слова «сігнал».

Intermarium
Сталін і Беларусь: таямніцы архіваў
2018.10.28 22:00

Атмасфера падазронасці, ідэалагічнага ціску, маральнага прымусу панавала ў савецкім грамадстве. З тымі ці іншымі зменамі, часовымі паслабленнямі і нават «адлігамі» такая сістэма захавалася фактычна да канца 1980-х гг. А шмат якія яе элементы рэанімаваў палітычны рэжым у сённяшняй Беларусі.

Госці праграмы «Intermarium»:

Аляксандр Гужалоўскі (Менск, Беларусь) – доктар гістарычных навук. Аўтар даследаванняў «Чырвоны аловак: нарысы па гісторыі цэнзуры ў БССР», «Сексуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917–1929 гг.»;

Андрэй Масквін (Варшава, Польшча) – тэатразнаўца, працаўнік Кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту. Аўтар манаграфіі «Беларускі тэатр 1920–1930. Адраджэнне і знішчэнне», укладальнік трохтомнай анталогіі «Новая беларуская драматургія».

Глядзець іншыя выданні ток-шоу «Intermarium»

Праграма «INTERMARIUM» таксама даступная на YouTube-канале «Белсат Гісторыя».

Калаж з фота: Tallandier/Rue des Archives, Denis Dziuba/Belsat

НІ, Belsat.eu