З вас вылічваюць падаткі, а вы не заўважаеце


Да чэрвеня працуем на падаткі. І толькі потым – на сябе. Ды колькі ж з нас вылічвае дзяржава?

Беларускія чыноўнікі працягваюць адаптаваць заканадаўства аб дармаедах. Цяпер тым, хто «не заняты ў эканоміцы», давядзецца цалкам аплочваць паслугі ЖКГ. Маўляў, яны не плоцяць падаткаў і вінныя дзяржаве грошы. Але, калі паглядзець уважліва, мы штодня плацім падаткі, якіх ніхто не ўлічвае.

Умоўна кажучы, каб адпрацаваць усе падаткі за год разам з выплатамі ў фонд сацыяльнае абароны насельніцтва, нам трэба працаваць на дзяржаву да канца чэрвеня. І толькі ў другой палове года мы пачынаем працаваць на сябе. Аднак і гэта недакладна. Бо нідзе не ўлічваюць таго, што мы часткова аплочваем паслугі, якія нібыта бясплатныя.

Напрыклад, з кожнага літру паліва, што мы купляем на АЗС, прыкладна траціна кошту сыходзіць у бюджэт у выглядзе падатку на дадатковую вартасць і акцызу. Плоціць іх АЗС, але ж гэта грошы спажыўца. Такім чынам, кожны раз, запраўляючы аўта ці байк, аўтааматары папаўняюць бюджэт краіны.

На розных стадыях вытворчасці ды спажывання на тавар або паслугу дадаткова налічаюць падаткі. Афіцыйна гэта падатак на дадатковую вартасць, акцызы, але сюды можна залічыць і кошт акцызнае маркі, кантрольных знакаў і нават мыта. Яны ўключаюцца ў кошт тавару. Напрыклад, у бутэльцы гарэлкі падаткаў – 55%. Прыкладна столькі ж – у цыгарэтах. Атрымліваецца, што чым больш мы купляем, тым багацейшаю робіцца нашая краіна. Нават тыя, хто з розных прычынаў не працуе, добрую частку сваіх грошай аддаюць дзяржаве праз спажыванне.

«Калі ўзяць усе пакупкі тавараў і паслуг, то прыкладна 25 % складаюць ПДВ і акцызы, а калі дадаць акцызныя маркі, кантрольныя знакі, якія па сваёй сутнасці таксама з’яўляюцца падаткамі, то можна яшчэ адсоткаў 8 дадаць» – кажа эканаміст Леанід Фрыдкін.

А яшчэ трэба даць грошаў на бясплатныя падручнікі ў школе ці здаць у бацькоўскі камітэт у бясплатным дзіцячым садку. Як мы плацім дзяржаве і самі тога не заўважаем – глядзіце ў сюжэце праграмы «Асабісты капітал».

А гэта – праграма «Асабісты капітал» цалкам: