З пачаткам ціску павялічылася колькасць сябраў РЭП


Старшыні незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзю Фядынічу і кіраўніку менскай арганізацыі РЭП Ігару Комліку выставілі абвінавачанні ва «ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры». Гэты артыкул прадугледжвае санкцыю абмежавання волі да 5 гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да 7 год з канфіскацыяй маёмасці.

2 жніўня 2017 года ў офісах незалежнага прафсаюзу ў Салігорску і прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) у Менску адбыліся ператрусы. Камітэт дзяржкантролю паведаміў, што супраць аб’яднання распачатая крымінальная справа паводле фактаў няплаты падаткаў. Следства па гэтае справе цягнулася 9 месяцаў, увесь гэты час галоўныя фігуранты справы заставаліся пад падпіскай аб нявыездзе.

Ці беларускія ўлады ўзялі курс на новыя гучныя палітычныя працэсы, пагаворым з фігурантам гэтае справы, старшынём прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам.

«Незалежны прафсаюз павінен адпавядаць таму, чым займаецца, – абараняць законныя інтарэсы сваіх сябраў. Інакш ён не будзе называцца прафсаюзам незалежным. Лічу, што гэта (справа) звязаная з тым, каб напалохаць людзей. Дзе ж вы бачылі, каб 550 асобаў выклікалі на допыт?», – кажа Генадзь Фядыніч.

На пытанне, ці не страцілі людзі да яго давер, прафсаюзны лідар адказвае наступным чынам:

«Калі б людзі страцілі давер, у першую чаргу, да РЭПу, то мы б з 2 жніўня па 1 снежня не прынялі 500 чалавек у прафсаюз – прыйшло больш людзей, чым ва ўсе мінулыя гады. Сёлета мы ўжо прынялі 123 чалавекі», – адзначыў Генадзь Фядыніч.

Паводле яго, за час ціску на РЭП, толькі дзве асобы напісалі заявы на выхад з прафсаюзу.