«З гэтых карʼераў жывымі не выходзяць». Беларусы працуюць у Расеі, як рабы


Адзін вярнуўся на мыліцах, другі знік без вестак. Калі вы вагаецеся – ехаць на заробкі, ці не, глядзіце новае выданне праграмы Алеся Залеўскага.

Нізкія заробкі, суботнікі, туманныя перспектывы выхаду на пенсію ды агулам адчуванне сябе «прыгоннымі». Пакуль у Беларусі такія ўмовы, нашыя суайчыннікі выязджаюць працаваць за мяжу.

Мужа гераіні рэпартажу Галіны Абакунчык прызналі зніклым без вестак. 16 гадоў таму мужчына паехаў з паселішча Дружны (Пухавіцкі раён Менскай вобласці) гарняком на кар’еры ў Расеі. Кажуць, адтуль жывымі не выходзяць. І ён не вярнуўся…

«Мы падалі ў пошук. Карацей, не знайшлі, – кажа Кацярына Мустыгіна, жонка зніклага без вестак.

Наш другі герой – бацька пяцярых дзяцей з вёскі Хатляны (Уздзенскі раён Менскай вобласці) Аляксей Нячай. Ён працаваў у Маскве на будоўлі і ў выніку няшчаснага выпадку паламаў ногі. Вярнуўся дадому не з грашыма для жонкі ды гасцінцамі для дзяцей, на мыліцах.

Добра, яшчэ працадаўца аказаўся чалавечным. Зарганізаваў транспарт, прывёз беларуса дадому. Але вось неспадзяванка: уздзенскія медыкі заявілі: «у Маскве паламаліся – няхай там вас і лечаць».

І нават пасля гэтага выпадку Аляксей упэўнена кажа: як толькі ногі загояцца – паеду зноў. Бо жонцы грошы на камуналку трэба, дзяцей у школу ды садок сабраць.

Глядзіце праграму цалкам:

І такіх гастарбайтараў у краіне – мільён. Прасцей за ўсё было паехаць у Расею, але праз зацяжны тамтэйшы крызіс папулярным стаў заходні напрамак. Цяпер у польскіх злотых заробак атрымлівае хіба што не кожны чацвёрты беларус. На трэцім месцы ў гэтым рэйтынгу – Нямеччына, далей – Італія. Замыкае топ-5 Турцыя.

Як найчасцей падманваюць беларусаў за мяжой

Тыя, хто папрацаваў за мяжой, кажуць, што сутыкнуцца з падманам з боку замежнага працадаўцы, – справа няхітрая. У другой частцы выдання глядзіце Топ-3 невыканання замежнымі працадаўцамі абавязальніцтваў перад нашымі суграмадзянамі.

У студыі за круглым сталом разам з Алесем Залеўскім – былы палітык, а цяпер бізнесовец Алесь Лагвінец ды саўладальнік будаўнічага бізнесу ў Маскве Аляксей Грышановіч. «Працаваць трэба там, дзе цябе цэняць, а жыць трэба там, дзе табе падабаецца», – кажа апошні.

Госці студыі разважаюць пра гастарбайтарства як з’яву ў Беларусі і спрабуюць даць адказ на пытанне: дзе беларусу добра жывецца.

Праграму «Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius 4»), а таксама онлайн на нашай старонцы.

Чакаем вашых каментароў у Facebook ды Одноклассниках. Памятайце: для нас няма чужых праблемаў.