З Беларусі хацелі зрабіць фабрыку смерці


Як да Беларусі не даехалі крэмацыйныя печы, глядзіце ў 2-й серыі цыклу «Даты праўды», прысвечанага 80-м угодкам пачатку Другой сусветнай вайны.

У 1941 годзе нацысты планавалі, што прымаць вязняў, дэпартаваных з іншых краінаў, будзе не толькі Менск, але і Магілёў. Пра гэта ў 2-й серыі цыклу распавядае кандыдат гістарычных навук Кузьма Козак.

Паводле яго, было замоўлена 34 крэмацыйныя печы, якія вырабляліся ў Нямеччыне: «То бок меркавалася, што гэта будзе цэлая фабрыка – асноўнае месца знішчэння». Аднак ад гэтага плану адмовіліся.

Куды ў выніку трапілі печы і колькі працэнтаў карэннага насельніцтва гітлераўцы планавалі пакінуць у Беларусі? 2-я серыя цыклу «Даты праўды», прысвечанага 80-м угодкам пачатку Другой сусветнай вайны, распавядае пра вынішчэнне нацыстамі цывільнага насельніцтва Беларусі ў 1941–1944 гадах.

На акупаванай тэрыторыі Беларусі фашысты стварылі больш за 260 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей, у якіх загінулі болей як 1,4 млн чалавек. Спазнала Беларусь у гады Другой сусветнай вайны і Галакост – масавы пераслед і знішчэнне мясцовых габрэяў. Жорсткімі былі карныя аперацыі немцаў супраць мірных людзей у партызанскіх зонах, гарэлі цэлыя вёскі разам з людзьмі.

Фільм здымаўся на месцах былых гета, канцлагераў, спаленых вёсак. Падзеі каментуюць кандыдаты гістарычных навук Кузьма Козак і Аляксандр Далгоўскі. Аўтар і рэжысёр цыклу – Вячаслаў Ракіцкі.

«Даты праўды» глядзіце штонядзелю а 19:40 праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў архіве на нашай старонцы.