З Ашгабадам супраць Масквы. Лондан застанецца з Бруселем


Наша хата не з краю! Найцікавейшае за тыдзень у свеце ў праграме «ПраСвет».

Навошта Лукашэнку Бердымухамедаў?

Напярэдадні ва ўсім Магілёве развесілі сцягі-трыкалоры – туды на паседжанне Савету міністраў гэтак званай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі прыехаў расейскі ўрад на чале з Дзмітрыем Мядзведзевым. А Аляксандр Лукашэнка кляўся ў вернасці іншаму геапалітычнаму брату – прэзідэнту Туркменістану. Навошта да нас завітаў новы бацька ўсіх туркменаў? Яраслаў Сцешык. Каментуюць Яўген Красулін і Аркадзь Дубноў.

Садружнасць незалежных дзяржаваў – 25 год нецывілізаванага разводу

Сёлета Садружнасць незалежных дзяржаваў адзначыць 25-годдзе. Акурат з гэтай нагоды ў Менску адбываецца Міжнародны медыяфорум «Партнёрства ў імя будучыні». Гэта пляцоўка для сустрэчаў журналістаў, ды не толькі, у межах былога Савецкага Саюзу. Таму сёння ў «Прасвеце» мы вырашылі згадаць, што такое СНД? Хто яго аплачвае і хто ім кіруе? Ці мае гэтая арганізацыя рэальную сілу? Факты збіраў для вас Алег Мініч.

У якую пастку загнаў сябе брытанскі прэм’ер?

Шэсць гадоў таму Дэйвід Кэмэран стаў наймаладзейшым прэмʼер-міністрам Вялікай Брытаніі. Ініцыятар гэтак званага «брэкзіту», або выхаду Лондану з абʼяднанай Еўропы, цяпер намагаецца пераканаць грамадскую думку ў перавагах Еўразвязу. Часу засталося менш як шэсць тыдняў. Як імаверны «брэкзіт» паўплывае на Еўропу і Вялікую Брытанію? Усевалад Шлыкаў

Чаму Вялікая Брытанія ўсё-ткі застанецца ў Еўразвязе?

Хто на брытанскіх выспах хоча разводу з Бруселем а хто хоча застацца ў Аб’яднанай Еўропе? Пра гэта Аліна Коўшык паразмаўляла з Яраславам Крывым, дацэнтам Універсітэту Ўэст-Лондан і кіраўніком Цэнтру Астрагорскага.

Карабах і Менск. Чаму 22 гады ні мір ні вайна?

22 гады таму карабахскую вайну прыпыніла Пагадненне пра спыненне агню. Але вайна не скончылася. Людзі працягваюць гінуць, Баку і Ерэван спісваюць палітычныя праблемы на канфлікт, міжнародная супольнасць разводзіць рукамі, а сусветныя карпарацыі робяць у Сцепанакерце бізнес. Дзяніс Дзюба. Каментуюць Манвел Саргсян з Ерэвану ды Іса Гамбар з Баку.

Чаму аўстрыйскі добраахвотнік туніскага паходжання бароніць Украіну ў «Правым сектары». Інтэрвю

Мы ведаем, што цэласнасць Украіны бароняць дзясяткі беларускіх добраахвотнікаў. Але яны не адзіныя замежнікі якія па ўласнай волі, бясплатна ваююць на баку нашай паўднёвай суседкі на Данбасе. З большага яны былыя прафесійныя вайскоўцы, чый досвед моцна дапамагае на гэтай гібрыднай вайне. Антось Цялежнікаў паразмаўляў на Данбасе з Бэнам Фішэрам – аўстрыйцам туніскага паходжання, які бароніць Украіну.

Порна і бунт. Чаму Беларусі няма на фестывалі ў Канах, але беларусы там ёсць?

Каны – невялікі курортны гарадок на Лазурным беразе Францыі – на 11 дзён пераўтвараецца ў сталіцу кінаіндустрыі. Там разгортваецца адна з найважнейшых культурных падзеяў года – Канскі кінафестываль. Чаму ў Канах няма беларускага павільёну, але ёсць беларускія рэжысёры? Проста з Канаў нашая карэспандэнтка Ганна Любакова.