Студыя «Белсат» «Юнацтва» згуляе ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў


У аўторак каманда Аляксандра Макрыцкага саступіла па булітах фінскаму «Лахці Пэліканз», аднак перамога «Лазаны» над «Тршынэцам» у іншай гульні групы D дазволіла менчукам заняць прахадное другое месца.

Пакуль хакейнае «Дынама» прывозіць у Менск каманды КХЛ, «Юнацтва» змагаецца ў Лізе чэмпіёнаў з наймацнейшымі прадстаўнікамі еўрапейскіх першынстваў. Праўда, ажыятаж на арэне ў Чыжоўцы ў адрозненне ад «Менск-Арэны» невялікі.

Зрэшты, пагаджаюцца з гэтай думкай не ўсе заўзятары. Заўзятары ХК «Юнацтва» дзеляцца:

«Мне здаецца, наадварот, сёння на арэне вельмі шмат людзей. Я б не праводзіла паралелі паміж «Дынама» і «Юнацтвам». «Юнацтва» ніколі не збірала неверагодную колькасць людзей, але ёсць адданыя заўзятары, якія прыходзяць на кожную гульню».

«Асабіста я прыйшла. А чаму іншыя не прыйшлі, я не ведаю. Я не глядзела іншыя матчы, гэта першы, на які я пайшла. Таму што я не любіла Захарава, а калі змяніўся трэнер, я пайшла на матчы. Бачыце, у мяне майка, у якой гуляў Антонаў у суперсерыі супраць «Дынама». І пасля той серыі я не хадзіла на «Юнацтва», бо мне не падабаўся Захараў».

«Людзі безадказныя. Каманду не хочуць падтрымліваць у адказных матчах. Думаюць, што лепш удома пасядзець. На канапе ж лепш заўзець, чым на трыбуне».

Матч з «Лахці Пэліканз» складваўся для гаспадароў нервова. Фіны «размачылі» лік ужо на першай хвіліне. А на пачатку другога перыяду адзначыліся зноў. Рэакцыя гасцявых заўзятараў на такі ход падзеяў каментару не патрабуе.

«У хакеі як на першай хвіліне могуць закінуць, так і на 20-й. Тут нічога такога няма. Не думаю, што гэта кажа пра нейкую расслабленасць ці неданастроенасць», – мяркуе абаронца ХК «Юнацтва» Раман Дзюкаў.

У сярэдзіне матчу «Юнацтва» раптам выбухнула і закінула двойчы на працягу 40 секундаў. Спачатку адзначыўся Мікіта Міцкевіч, потым абаронца Яўген Нагачоў:

«Нападнік зацягнуў шайбу ў зону па фланзе, адкруціўся і знайшоў мяне сваёй перадачай. Я кінуў і закінуў. Усё проста».

Лік 2:2 захаваўся да канца гульні. Не дапамог высветліць мацнейшага і оўвэртайм. І толькі ў серыі булітаў фінскія «пеліканы» вырвалі перамогу, якая, зрэшты, нічога ім не дала – яны засталіся на апошнім месцы ў групе. Дарэчы, у складзе ХК «Лахці Пэліканз» гуляе і наш суайчыннік, абаронца Павел Варабей:

«Вядома, заўсёды прыемна гуляць у горадзе, дзе ты нарадзіўся, вырас. Таму файныя эмоцыі. Накіроўваемся ў Фінляндыю з добрымі эмоцыямі».

Параза па булітах не азначала, што «Юнацтва» канчаткова пазбавілася шанцаў трапіць у плэй-оф. Усё залежала ад выніку сустрэчы швейцарскай «Лазаны» і чэшскага «Тршынэца», якая распачалася трохі пазней, чым дуэль у Чыжоўцы. Абаронца ХК «Юнацтва» Яўген Нагачоў:

«Мы будзем вельмі рады, калі «Лазана» пераможа. Верым у «Лазану», зараз будзем заўзець за яе».

І «Лазана» сапраўды перамагла – 5:3, выйшаўшы ў плэй-оф з першага месца, а «Юнацтву» дазволіўшы выйсці з другога. Менскі клуб раней гуляў на гэтым этапе Лігі чэмпіёнаў толькі аднойчы – у сезоне 2016/2017.

Дзяніс Ганчарэнка belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары