Яўген Ліпковіч: Апошні раз столькі КДБшнікаў адстаўлялі, калі рыхтаваўся пераварот


Скандальны розгалас з прычыны трагічных выпадкаў «дзедаўшчыны» у арміі блогер Яўген Ліпковіч называе «дымавой заслонай» вакол самай значнай падзеі, на ягоную думку, апошніх дзён – адстаўкі ўсяго кіраўніцтва ААЦ (Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце).

«Апошні раз калі адстаўлялі адначасна такую колькасць народу з КДБ, была падрыхтоўка да перавароту. У 1999 годзе, здаецца. Пытанне: ці цяпер была спроба перавароту, ці крадзяжы, растраты? Я не веру ў версію, што Лукашэнка быў незадаволены інфармацыйнай працай ААЦ», – кажа блогер.

Між тым, на сайце ААЦ чытаем, што ён «з’яўляецца дзяржаўным органам, які ажыццяўляе рэгуляванне дзейнасці па забеспячэнні абароны інфармацыі, якая змяшчае звесткі, што складаюць дзяржаўныя сакрэты Рэспублікі Беларусь ці іншыя звесткі, што ахоўваюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам, ад уцякання па тэхнічных каналах, несанкцыянаваных і ненаўмысных уздзеянняў».

Датычна «дзедаўшчыны» Ліпковіч перакананы, што міністр абароны павінен сам пайсці ў адстаўку:

«Яны кажуць, што армія – школа жыцця. Нішто сабе школа жыцця, калі людзей забіваюць!».

Таксама ў поўным выданні перадачы «Размовы» пра падзеі мінаючага тыдня з вядучым Усеваладам Сцебуракам глядзіце разважанні блогера Яўгена Ліпковіча пра:

– важнасць для Беларусі і свету зʼезда кампартыі Кітая

– прэзідэнцкія перспектывы ў Расеі Ксеніі Сабчак

– шум вакол паказу фільму «Мацільда» у нашых кінатэатрах

– бязмежжа з коштамі на паслугі ЖКГ, за якія ўзяўся Лукашэнка

– пра сэкс-абвінавачванне ў бок славутага беларускага гімнаста Віталя Шчэрбы

Размова цалкам: