Ярашук: Пратэстная хваля нікуды не падзелася і не падзенецца


Дзеля абароны правоў працоўных і сацыяльнай справядлівасці. Калі яшчэ, як ні 1-га траўня, праводзіць акцыю, прысвечаную гэтым праблемам. Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў падаў заяўку на «Марш салідарнасці».

Падпісаў яе старшыня кангрэсу Аляксандр Ярашук.

Таксама ў аргкамітэт акцыі ўваходзяць прадстаўнікі Абʼяднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», Руху «За свабоду», Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Партыі працоўных і Беларускай жаночай партыі «Надзея». Удзельнікі плануюць дамагацца справядлівых заробкаў для працоўных і адмены Дэкрэту аб сацыяльным утрыманстве. Раней заяўкі на правядзенне першамайскіх дэманстрацыяў падалі таксама незалежныя актывісты Гомля і Берасця.

Глядзіце таксама:

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук:

«Мы будзем выступаць з лозунгамі супраць падзення заробкаў і пенсіяў, супраць збяднення народу, за стварэнне новых працоўных месцаў, за адмену сумна вядомых дэкрэтаў №3, 5 і 29. Мы, як законапаслухмяная арганізацыя, падалі заяўку ў Менгарвыканкам, хаця маглі яе і не падаваць, бо ва ўсім свеце ў гэты дзень працоўныя выходзяць без усялякага дазволу».

Ярашук канстатуе, што сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі будзе толькі пагаршацца, а пратэстныя настроі расці.

«Пратэстная хваля зараз можа не такая, якая была ў лютым і сакавіку, але яна нікуды не падзелася і не падзенецца, бо няма ніякага чынніка, які б указаў на гэта. Прэзідэнт казаў у Рэчыцы, што бачыць святло ў канцы тунэлю, а я бачу канец свету ў тунэлі, куды імкліва апускаецца Беларусь. Сённяшняя беларуская ўлада абсалютна ня здольная вывесці краіну з вострага эканамічнага крызісу. Сітуацыя будзе мець толькі адзін вектар развіцця – яна будзе пагаршацца. А калі будзе пагаршацца, то адпаведна адчування людзей будуць таксама пагаршацца. Гэта будзе ствараць умовы для таго, каб людзі выходзілі на вуліцу», – кажа лідар БКДП.

 

Больш – у відэа вышэй.