Яны спрабавалі стварыць новае ВКЛ на пачатку ХХ ст.

На пераломе ХІХ–ХХ ст. аформілася адметная ідэалагічная, а пазней і палітычная плынь, прыхільнікі якой прагнулі аўтаноміі для зямель былога Вялікага Княства Літоўскага. Як яны ўяўлялі сабе гэткае дзяржаўнае ўтварэнне і чаму ў выніку нічога не атрымалася, глядзіце ў чарговым выданні «Загадак беларускай гісторыі».

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на землях былога Вялікага Княства Літоўскага сутыкнуліся інтарэсы з аднаго боку каланіяльнай палітыкі расейскіх уладаў, а з іншага – польскага нацыянальнага руху. У адказ на гэта ў другой палове ХІХ ст. тут зарадзілася ідэалагічная плынь, якая атрымала назву «краёвасць», а яе прадстаўнікі – краёўцы.

Краёўцы не хацелі пераўтварэння гэтых зямель ані ў расейскую ўскраіну, ані ў польскую. Гэтыя высокаадукаваныя і паспяховыя людзі марылі пра палітычна-культурную аўтаномію зямель былога Княства і шукалі агульныя кропкі ўзаемадзеяння розных народаў і канфесіяў, якія жылі на гэтай тэрыторыі. Адрынуўшы ідэю пабудавання этнічных нацыяў, яны прыйшлі да ідэі грамадзянскай нацыі, заснаванай на супольных каранях, якія вялі ў Вялікае Княства Літоўскае.

Дэмакратызацыя царскай Расеі ў выніку рэвалюцыі 1905 года дазволіла краёўцам удзельнічаць у палітычным жыцці. Яны стварылі партыі, прадстаўнікі якіх увайшлі ў склад абедзвюх палатаў першага расейскага парламенту – Дзяржаўнай Думы і Дзяржаўнага Савету. Яны таксама пачалі прапагандаваць свае ідэі праз газеты.

Але Першая сусветная вайна з яе ўсплёскам этнічнага нацыяналізму, а пазней развал імперыяў і Кастрычніцкая рэвалюцыя паставілі крыж на планах краёўцаў. Дзяржавы, якія ўзніклі на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага, будаваліся па этнічных прынцыпах. Асобныя краёўцы працягвалі бараніць свае ідэі ў Польшчы ў міжваенны час.

Пра гісторыю краёвай ідэі, лёсы, погляды і мэты яе прыхільнікаў раскажа даследчык і аўтар кніг пра дзейнасць краёўцаў, у прыватнасці, Рамана Скірмунта, доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Смалянчук.

Вядоўца праграмы – доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:45. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Калаж з фота: Igor Schubin, Azgar

Больш матэрыялаў

Хто скасаваў ордэн імя Каліноўскага?

Аўтар эталону гербу Пагоня спачывае тут

Навошта і як збудавалі Аўгустоўскі канал

Вусная гісторыя супраць савецкай прапаганды. Праўда простых людзей

Ідэальнае месца для фестываляў сярэднявечнае культуры

Мультыкультурны Менск пачатку ХХ стагоддзя – калыска геніяў

Лёс Анатоля Сыса як адлюстраванне лёсу краіны

Гісторык, які абгрунтаваў права беларусаў на сваю дзяржаву