Ян Грыб – герой беларускіх пратэстаў

Ян Грыб не проста герой аднаго фота 2017 года з Дня Волі. Ён не проста ўдзельнік шмат якіх грамадзянскіх акцыяў. Ён былы работнік, пілот-знішчальнік, майстар, выкладчык і паляўнічы, перажыў шмат прыгодаў, выдаў зборнік вершаў, знаёмы з рознымі дзеячамі беларускай культуры. Яму ёсць што распавесці і што паказаць.

Спадар Ян стаяў ля вытокаў савецкай рэактыўнай авіяцыі. Яшчэ юнаком ён выехаў у Сібір і працаваў на Чэлябінскім трактарным заводзе, але яго вабіла неба. Таму ён запісаўся ў аэраклуб. Спачатку асвоіў маторныя Які, а потым пачаў лётаць на першых рэактыўных знішчальніках – МіГ-15 і МіГ-17. Усё скончылася, калі прыехала медычная камісія з Масквы: яна выявіла ў маладога курсанта праблемы са здароўем, якія паставілі крыж на кар’еры авіятара.

Калі мары пра неба разбіліся, спадар Ян пастанавіў вярнуцца ў Беларусь. Апынуўшыся на Радзіме, ён цалкам перайшоў на беларускую мову. Любоў да роднай зямлі ператварылі яго ў змагара за свабодную ды культурную Беларусь для сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў.

«У мяне баліць душа за нашую Радзіму, за нашую Беларусь, за наш народ, за нашых дзяцей, унукаў і праўнукаў. Яны павінныя будуць жыць у краіне, якая будзе еўрапейскаю, культурнаю, багатаю, свабоднаю, незалежнаю. Вось за такую краіну я і змагаюся. Я жыццё гатовы за яе аддаць, а не толькі пайсці на дэманстрацыі. На дэманстрацыі я іду, каб натхніць моладзь», – кажа спадар Ян, якому ўжо 84 гады.

Асабліва вядомым спадар Ян зрабіўся дзякуючы здымку з Дня Волі 2017 года, дзе яго цягнуць трое амапаўцаў. Але ганарыцца ён зусім іншымі здымкамі. Якімі? Ян Грыб пакажа ў праграме «Мова нанова». А таксама спадар Ян падзеліцца радамі, як гадаваць дзетак па-беларуску, пакажа свае скарбы-цікавінкі, а таксама распавядзе, разам з якім такім «прэзідэнтам» ён апынуўся ў камеры Савецкага РАУСу.

У граматычнай частцы абмяркуем, як «вырадак» дапаможа «выпадку» ды чым адрозніваюцца словы «грамадзянскі» і «грамадскі».

Вядоўцы перадачы – Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская.

Адукацыйную праграму «Мова Нанова» глядзіце кожную нядзелю а 20:20 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

Беларуская мова вярнулася ва ўжытак. Ды яшчэ як!

Беларуская мова аддзяляе ад катаў і забойцаў

Не шануем беларускага – маем «крэпкага арэшка»

Хто сышоў і хто застаўся ў Купалаўскім тэатры? Размова з Зояй Белахвосцік

Ніна Багінская разбурае «муры» ці «сцены»?

Наста Шпакоўская cышла з тэатру, каб не граць для лукашыстаў

Спяваем, бо няма моцы маўчаць, або Беларускі культурніцкі пратэст

Хто такія «бацька», «тата», «айцец» і «папа» ды ці бывае «Бацька Рымскі»?