Як жывуць у Беларусі ромы?


9 з 10 цыганскіх сем’яў, што жывуць на тэрыторыі Беларусі, застаюцца за рысаю беднасці. 70 % ромаў сутыкаюцца з забабонамі працадаўцаў падчас прыёму на працу, столькі ж заявілі пра шматразовае этнічнае прафіляванне з боку міліцыі. Адмысловую справаздачу сёння прэзентавалі ў «Прэс-клубе Беларусь».

Нашая журналістка Наста Кахановіч паразмаўляла пра становішча ромаў Беларусі з Артурам Гоманавым, намеснікам старшыні Беларускай цыганскай дыяспары.

– Спадар Артур, чаму ромы, а не цыгане?

– Цыгане – гэта мянушка, сапраўдная назва нашай нацыі, нашага народу – гэта ромы. Гэта было зафіксавана ў 1971 годзе ў Лондане на Першым міжнародным з’ездзе ромаў, там, дзе краіны ўсяго свету прызналі наш народ, прызналі герб і сцяг, нашую ідэнтыфікацыю як ромаў, як асобнага народу.

– Паводле вашага даследавання, больш за 85 адсоткаў ромаў жывуць па-за рысаю беднасці. Чаму так адбываецца?

– Гэта недахоп кваліфікаванай ромскай працоўнай сілы і недахоп адукацыі, што на сёння вельмі крута мяняецца. Але пакуль так. Таму цяпер навучаем сваіх ромаў – цяпер у Беларусі можна пайсці і атрымаць бясплатна нейкую прафесію.

– Дзе ўзнікае дыскрымінацыя, з якой сутыкаюцца ромы ў Беларусі?

– Працаўладкаванне, канешне. Акурат ёсць выпадкі, калі ромы прыходзяць уладкоўвацца на працу, а працадаўцы візуальна бачаць, што гэта ром ці ромка, знаходзяць розныя прычыны, каб не ўзяць на працу. Хаця тыя, хто бярэ, вельмі задаволеныя, і нават пасля прыходзяць туды семʼі.

Працягнем тэму размовай з кіраўніцаю Цэнтру даследавання глабалізацыі, інтэграцыі ды сацыякультурнай супрацы Інстытуту філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдаткаю філасофскіх навук Наталляй Кутузавай.

belsat.eu