Як жыць? З дыягназам не бяруць на працу, а інваліднасці не даюць


Дзе і як знайсці працу чалавеку, які праз дэпрэсію стаіць на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры? Працадаўцы не спяшаюцца прымаць такіх людзей у свой калектыў. А калі і даюць працу, то часта ставяцца да не па-людску.

Ірына Анцілеўская з Менску працуе прыбіральніцай у адной са сталічных гімназіяў. Але жыве ў пастаянным страху, што яе адтуль звольняць. Таму што ні на адным працоўным месцы яна надоўга не затрымлівалася. А калі і пашчасціць уладкавацца на працу, то пастаянна трывае насмешкі ад калегаў.

«Запомні, ты – дэбіл! Табе ў Навінкі! Вось так яна мне… Ну і, вядома, гэта жыццём не назавеш, гэта выжыванне. Я цяпер лічу, што самае вялікае мастацтва – гэта выжыць».

Ірына жыве ў пастаяннай дэпрэсіі. Яна стаіць на ўліку ў аддзяленні памежных станаў. Ніякіх забаронаў на працу жанчыны не мае. Паводле лекара, з ейным дыягназам групу інваліднасці не даюць. А з працы жанчыну рэгулярна звальняюць.

Адзінае месца, дзе Ірыне заўсёды рады, – сталоўка для бяздомных. Жанчына прыбірае там за бясплатна, узамен яе заўсёды накормяць смачным абедам і падтрымаюць у цяжкую хвіліну.

«Мне вельмі цяжка жывецца. Але як падумаеш, калі камусьці горш, то і табе лягчэй становіцца…»

У гэтай праграме мы распавядаем таксама пра Аляксандра Пашкевіча з Горадні. Ён таксама стаіць на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры і не можа атрымаць групу інваліднасць. У дадатак хлопцу адмаўляюць у працы, а значыць, ён не мае сродкаў да існавання. Дзяржава не аказвае яму ніякага падтрымання. Яе Аляксандр знаходзіць толькі ў Клубным доме «Адкрытая душа», пра які падрабязна можна даведацца ў поўным выданні праграмы «Людскія справы»:

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A», а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам у Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram. Самае цікавае чытайце ў канале Telegram.