Студыя «Белсат» Як жаночая валейбольная зборная рыхтуецца да чэмпіянату Еўропы?


Гульцы і трэнерскі штаб Берасцейскага гандбольнага клубу імя Мяшкова пакуль яшчэ застаюцца ў адпачынку, аднак пляцоўка Цэнтру алімпійскага рэзерву па гульнявых відах спорту «Вікторыя» не пустуе. Менавіта гэты спартовы комплекс у горадзе над Бугам цяпер у распараджэнні нашай жаночай валейбольнай зборнай, якая працягвае падрыхтоўку да фінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы.

Пасля ўдалага выступу на кантынентальным першынстве, калі нашыя дзяўчаты дакрочылі да чвэрцьфіналу, дзе саступілі сербкам, якія і заваявалі золата, цяпер беларускі таксама змаглі кваліфікавацца ў фінальны раўнд еўрапейскага турніру. Нашая здымачная група наведала адну з трэніровак зборнай ды пагутарыла з галоўным трэнерам каманды Пятром Хільком і нападніцай зборнай Аксанай Кавальчук.

Пётр Хілько, галоўны трэнер жаночай зборнай Беларусі:

«Як я ўжо казаў, у нас не каманда зорак, а зоркавая каманда. У параўнанні з «Залатою лігай» у зборнай крыху змяніўся склад з розных прычынаў, аднак на трэнавальныя заняткі гэта не ўплывае».

Аксана Кавальчук, нападніца жаночай зборнай Беларусі:

«Каманда атрымала некаторы час адпачынку, вось сабралася і працягвае падрыхтоўку да чэмпіянату Еўропы. Апроч гульнявых заняткаў паводле раскладу – басейн, трэнажорка, таксама некалькі міжнародных турніраў і спарынг-матчаў».

Наперадзе ў нашай зборнай спаборніцтвы ў Астраўцы, далей у планах таксама пазначаныя двубоі з Грэцыяй, а непасрэдна чэмпіянат Еўропы стартуе 23 жніўня, адразу ў чатырох краінах: Турцыі, Славаччыне, Польшчы і Вугоршчыне. Беларускі на папярэднім этапе згуляюць у Браціславе, а ў суперніцах будуць немкі, славачкі і расяянкі.

Дзмітрый Сухановіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары