Як жанчыны з вёскі збіраліся шукаць мужоў у ЗША


Амерыканцы ў Брукліне цэхкалі языкамі, калі бачылі, як танцуе жанчына з-пад Смаргоні. У савецкія часы яна знішчыла фатаграфіі, зробленыя ў ЗША. І толькі плакала, калі дзеці прасілі расказаць пра Амерыку. А ейныя дочкі ўвесь час марылі, што выедуць у ЗША і там знойдуць сабе мужоў.

Праграма «Вяскоўцы» спаткалася на Смаргоншчыне са спадарыняй, якая ў дзяцінстве выхоўвалася ў заможным фальварку. Ейная сям’я мела 100 гектараў зямлі, якую купіла, вярнуўшыся з Амерыкі. Вяскоўцы наймалі парабкаў і мелі служанку. Пані Станіслава распавяла, як весялілася моладзь у ейным фальварку і як прыкінулася нямой перад хлопцамі.

Калі Заходнюю Беларусь далучылі да Савецкага Саюзу, бацька пані Станіславы падкупіў залатымі пярсцёнкамі калгаснага старшыню, каб іх не вывезлі ў Сібір. Не можа забыць пані Станіслава і таго, як падчас вайны да ейнай сямʼі прыходзілі «белыя партызаны» і страшылі родных.

Некалі шляхта Вялікага княства Літоўскага любіла адпачываць, збіраючыся і расказваючы адно аднаму разнастайныя гісторыі. Адчуць клімат шляхецкай гавэнды ды паслухаць успаміны пра даўнейшыя часы запрашае праграма «Вяскоўцы» і вядоўца Віктар Шукеловіч.