Як выглядаў Менск 1000 гадоў таму


Па тэрыторыі сучаснага Менску цякуць розныя рэкі і рачулкі, але сярод іх няма Менкі. Чаму назва гораду і гэтай ракі такія падобныя? Верагодна, адказ крыецца ў вёсцы з характэрнаю назваю Гарадзішча, што менш як за 10 кіламетраў ад мяжы сучаснага Менску.

На тэрыторыі сучаснай вёскі Гарадзішча было вялікае паселішча. У ІХ–ХІ стагоддзях – час росквіту – яно займала каля 30 гектараў! Ядром было магутнае гарадзішча, абнесенае высокімі – да 12 метраў – валамі. Яны ўражаюць і сёння. Равы вакол сценаў напаўняла вадою Менка. Ці не гэтае паселішча было летапісным Менскам?

У Гарадзішчы мясцовы жыхар Глеб Лабадзенка стварыў музей-сядзібу «Стары Менск». Гэта нешта большае, чым проста музей. Гэта месца, дзе можна паглядзець добра прадуманую экспазіцыю, што налічвае паўтысячы экспанатаў, убачыць макет Менску ХІ стагоддзя, адпачыць пасля наведання валоў гарадзішча або Беларускага дзяржаўнага музею народнай архітэктуры і побыту, што побач, у Азярцы.

Іншы прыклад дзейнасці энтузіяста ў Гарадзішчы – адкрыццё гісторыкам Эдуардам Канановічам магілы Рудольфа Пішчалы, шляхціча, які фінансаваў будаўніцтва Валадаркі, турмы ў Менску.

Як выглядаў Менск ХІ стагоддзя? Што чакае турыста ў Гарадзішчы? На што здольныя энтузіясты і каму дарагая гісторыя радзімы? Пра ўсё гэта – у новым выданні праграмы «Загадкі беларускай гісторыі».

Вядоўца праграмы – доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.