Як улюбёныя хакеісты Лукашэнкі становяцца доларавымі мільянерамі


Будаўніцтва комплексу «Алімпік парк», у які ўваходзіць сумнавядомая рэстарацыя «Лебядзіны» на беразе аднайменнага вадасховішча, не адпавядала заяўленаму плану – адбылося парушэнне ўсіх нормаў і правілаў будаўніцтва. Мала таго, улады замест штрафаў для кампаніі змянілі будаўнічыя нормы пад гэтую форму – папярэдняй датай. Чаму гэтак адбылося?

Участак элітнай зямлі плошчай больш за 15 гектараў кампанія «Тапас» атрымала пад інвестыцыйны праект у 2014 годзе. Арыгінальны план прадугледжваў спартовы комплекс з лядовай арэнаю, два палі – для футболу і баскетболу, два тэнісныя корты і дзве дзіцячыя пляцоўкі. Наўзамен за ўзвядзенне гэтых аб’ектаў Лукашэнка дазволіў «Тапасу» забудаваць рэшту тэрыторыі катэджамі, шматкватэрнымі дамамі ды рэстаранам, не плацячы дзяржаве за зямельны надзел.

Атрымаўшы пад згаданы інвестыцыйны праект элітную зямлю, кампанія пачала першапачатковы праект мяняць. Спярша пасунула рэстаран да самага става «Лебядзіны» – у зону, дзе будаваць забаронена прыродаахоўным заканадаўствам. Затым пад нож пайшлі іншыя не выгодныя забудоўніку элементы праекту. «Тапас» прыбраў з яго палі для футболу і баскетболу, тэнісныя корты і дзіцячую пляцоўку. На іх месца паставілі дадатковую чаргу элітных катэджаў. А 7-павярховы дом ператварыўся ў 9-павярхоўку.

Рэстарацыя ў заказніку «Лебядзіны». Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Людзі пачалі абурацца, медыі застракацелі загалоўкамі кшталту «Тапас» падмануў прэзідэнта». Каментатары ўзяліся абмяркоўваць пакаранні, якія чакаюць парушальнікаў.

Рэакцыя ўладаў на дзеянні забудоўніка, калі яна ўсё ж прыйшла, шмат каго агаломшыла. У 2018 годзе Лукашэнка сваім указам змяніў ахоўную зону вакол вадаёму, рассунуўшы яе заднім чыслом вакол новапабудаванага рэстарану. А сёлета, праз месяц пасля завяршэння тэрміну інвестпраекту, кіраўнік краіны сваім указам працягнуў яго, падоўжыўшы льготы забудоўніку.

«Гэта значыць, што забудоўнікі мусяць мець кантакты з адміністрацыяй прэзідэнта, ці структурамі, якія туды ўваходзяць, і лабіююць гэтыя свае рашэнні. І гэта насамрэч вельмі кепска, бо мясцовыя ўлады, нават калі яны супраць, усё роўна выконваюць ролю вышэйшага палітычнага органу», – лічыць актывіст Дзяніс Кобрусеў, адзін з заснавальнікаў кампаніі «Генплан – для гараджан!»

Як аказалася, 10 % «Тапасу» належыць бізнесоўцу ад будоўлі Аляксандру Савіцкаму. Рэштай жа, 90 %, валодае Павел Белы – бамбардзір аматарскай хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі.

Колькі ж грошай патэнцыйна недаатрымаў бюджэт праз шчодрыя падарункі Аляксандра Лукашэнкі свайму ўлюбёнаму хакеісту, цяперашняму элітнаму забудоўніку? Чаму ўлады змяняюць шматлікія правілы пад інтарэсы аднаго забудоўніка? Якая частка грошай, што мы плацім за свае кватэры, ідзе ў схемы з прыкметамі карупцыі? Глядзіце ў апошнім выданні праграмы журналісцкіх расследаванняў «Давайце разбірацца».

Фота: president.gov.by

Увага! Праграму «Давайце разбірацца» глядзіце цяпер кожны чацвер а 19.05 тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4 A» (ранейшая назва «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.