Як украінскі Ленін дапамог беларускаму Касцюшку


Прыехаўшы сёння ў Косава, можна наведаць дом-музей Тадэвуша Касцюшкі. У 2018 годзе перад домам урачыста адкрылі помнік гэтаму неафіцыйнаму герою Беларусі. Як жа атрымалася, што сядзіба Касцюшкаў стаіць і сёння, праз 200 гадоў? Чаму прарасейскі рэжым Лукашэнкі дазволіў паставіць помнік змагару за незалежнасць Рэчы Паспалітай ад Расеі ды Прусіі? І чаму бронзавы помнік замовілі менавіта ва Украіне?

Тадэвуш Касцюшка – герой Польшчы, Злучаных Штатаў Амерыкі, ганаровы грамадзянін Францыі, але пакуль афіцыйна – не герой Беларусі. Ён быў кіраўніком антырасейскага і антыпрускага паўстання 1794 года за незалежнасць Рэчы Паспалітай, у склад якой уваходзіла тады і Беларусь.

У Косава Касцюшка правёў толькі дзяцінства. Калі яму было 9 гадоў, ён пакінуў радавое гняздо і больш сюды не вяртаўся. Сядзіба, якая стаіць сёння, – новая, збудаваная ў 2003–2004 гадах. Але яшчэ перад Другой сусветнай вайной аўтэнтычны дом Касцюшкаў быў у добрым стане, бо польскія і беларускія патрыёты клапаціліся аб ім.

Вялікую ролю ў захаванні памяці пра Касцюшку адыграў род Пуслоўскіх. Пра іх заможнасць сведчыць пышны палац у неагатычным стылі, яго відаць на ўзгорку ля Косава.

Як жа Пуслоўскія спалучылі фінансавую паспяховасць і патрыятычныя погляды, будучы падданымі расейскага цара? Як сённяшнія беларускія патрыёты змаглі здабыць дазвол у лукашэнкаўскіх чыноўнікаў на ўсталяванне помніка герою, што змагаўся за незалежнасць, у тым ліку Беларусі ад Расеі? Гэтыя ды іншыя загадкі Косава разгадае доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Intermarium
Касцюшка: навошта беларусы адмаўляюцца ад героя?
2020.01.19 22:00