Як удала збегчы ад беднасці? Пераехаць ды змяніць кваліфікацыю


 

Прычыны беднасці хатніх гаспадарак простыя: мала кваліфікацыі, многа дзяцей. Тыя, хто жыве ў вёсцы, – бяднейшыя за гарадскіх. Эксперт «Асабістага капіталу» Міхал Залескі аналізуе, як гэтыя факты можна выкарыстаць на ўласную карысць.

Гаворачы аб прычынах беднасці хатніх гаспадарак, мы ўжо адзначалі раней, што галоўныя з іх, акрамя браку кваліфікацыі гаспадароў, – жыццё ў вёсцы і мноства дзяцей. Гэта парадаксальным чынам супярэчыць асноўным напрамкам камуністычнай аграрнай і дэмаграфічнай палітыкі, што нібыта ўкараняецца тут: на ўсходзе краіны 100 год, на захадзе – 80.

Калі брацца за пытанне рэгіянальных асаблівасцяў у гістарычнай рэтраспектыве, то можна, здавалася б, забыць праславутыя Усход і Захад, бо ў годзе 1959-м адміністрацыйны падзел утрэсся і ў амаль нязменным выглядзе існуе да сёння.

Рэсурсы, што маюць хатнія гаспадаркі па некаторых абласцях

Дзеля чысціні эксперыменту прадстаўленыя вобласці, што практычна поўнасцю ўваходзілі, адпаведна, ва Усходнюю і Заходняю Беларусь да іх уз’яднання.

Розніца, няхай сабе і невялікая, бачная няўзброеным вокам. А вось яе прычыны, тае розніцы, могуць быць прадметам палкіх дыскусій і палітычных спекуляцый. Няўжо 60 гадоў недастаткова дзеля выроўнівання?

Жыццёвы досвед падказвае, што нават пры аднолькава нізкай кваліфікацыі працавіты зарабляе больш.

Паспрабуем выцягнуць прыкметы працавітасці са статыстыкі.

Доля ўласнаручна вырабленай прадукцыі ў структуры рэсурсаў хатніх гаспадарак

Ізноў розніца бачная. Хаця, у кожнай справе ёсць цёмны бок. Напрыклад, можна сказаць, што там людзі менш гародамі займаюцца дзеля наступстваў чарнобыльскай катастрофы. З іншага боку, не бачыў я, аб’ехаўшы ў свой час усе раёны краіны, каб простыя сяляне хоць дзе былі дастаткова інфармаваныя пра спосабы вядзення сельскай гаспадаркі ў зонах радыяцыйнага забруджання.

Няма жаданай бясспрэчнасці ў відавочна розных «усходніх» і «заходніх» лічбах. І схіляюся да думкі, што ад былога падзелу застаўся толькі міф.

Ухіленне памеру рэсурсаў, што маюць хатнія гаспадаркі, ад сярэдняга паказніка

Калі скарыстацца простым прыёмам і разгледзець, у які бок ухіляецца паказнік якога ні ёсць дабрабыту семʼяў ад сярэдняй велічыні, усё робіцца зразумелым. З чыста статыстычнага гледзішча значных адрозненняў паміж абласцямі няма. 47 рублёў за месяц на чалавека аддзяляюць гродзенскі поспех ад магілёўскага заняпаду, таму прычынаю міграцыі стаць не могуць.

Практыкі гавораць, што тутэйшы чалавек пагаджаецца змяніць месца жыхарства, калі заробак на новым месцы на палавіну вышэйшы, чым на старым, калі ён адзіночка. Сямейныя хочуць яшчэ болей.

Нутраная міграцыя ў Беларусі

Міжабласная міграцыя паціху расце і, мяркуючы па сённяшніх графіках, няцяжка ўгадаць вобласць і нават горад, куды сваім ростам яна, пераважна, скіравана.

Хаця можна і з вёскі ў вёску праз абласную мяжу перабрацца, што часам людзі і робяць: жэняцца, бацькоў старых забіраюць да сябе, чаго толькі ў жыцці не бывае. Кожны ідзе сваім шляхам, а сцежкі робяцца.

Такім чынам, імкненне атрымаць кваліфікацыю, пошукі выгаднага месца працы, абмежаванне нараджальнасці і міграцыйная мабільнасць усё больш робяцца спосабамі пазбегнуць беднасці для беларусаў. Узбагачайцеся.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашурассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Міхал Залескі, belsat.eu