Студыя «Белсат» Як у Беларусі гулялі ў футбол 100 гадоў таму?


У Беларусі працягваецца футбольнае міжсезонне, хоць клубы Найвышэйшай лігі ўжо паволі выходзяць з адпачынку. Напрыклад, сёння распачалі трэнаванні БАТЭ з «Іслаччу», неўзабаве гэта зробіць і менскае «Дынама». Праўда, афіцыйных матчаў на айчынных стадыёнах аматарам «гульні нумар адзін» чакаць давядзецца яшчэ два месяцы.

Таму пакуль мы вырашылі згадаць гісторыю. Пра тое, з чаго пачынаўся футбол на нашых землях 100 гадоў таму, мы паразмаўлялі з даследчыкам Аляксандрам Томіным.

– Родным горадам беларускага футболу называюць Гомель. Менавіта там на пачатку XX стагоддзя праводзіліся першыя матчы на нашай зямлі. І тое афіцыйна зафіксаванае, пра тое пісалі газеты. Што гэта былі за турніры, і хто браў у іх удзел?

– У той час на беларускіх землях футбол развіваўся не толькі ў Гомлі, але і ў Магілёве. І там, і там праходзілі чэмпіянаты гораду. Гулялі пераважна студэнты: навучэнцы гімназіяў і вучэльняў. Міжсобку яны і гулялі. На некаторых матчаў граў нават аркестр! Дарэчы, на гэтыя матчы прадаваліся білеты, прычым кошт быў досыць высокі для таго часу, – кажа Аляксандр Томін.

Даследчык адзначае, што ў Магілёве ў 1911 годзе ў друкарні нават выдалі правілы футболу, якія адрозніваліся ад выданняў з Масквы або з Пецярбургу поўнаю адсутнасцю замежнай тэрміналогіі.

– Што такое бутсы, тагачасныя футбалісты не ведалі. Ды і дазволіць сабе іх яны не маглі. У правілах адзначалася, што суддзя мусіць аглядаць боты гульцоў. Таксама цікава трактавалася сітуацыя, калі мяч трапляў у папярэчыну і яна падала. Суддзя ў такой сітуацыі мог залічыць гол, а потым папярэчыну вярталі на месца, – зазначае даследчык.

У 1920-я гады паўстала футбольнае менскае «Дынама». Таксама ў той час існавалі зборныя гарадоў – Менску, Гомля, Бабруйску. Былі арцельныя, прафсаюзныя і вайсковыя каманды. Да стварэння чэмпіянату СССР турніры паміж гэткімі камандамі былі масаваю з’явай.

– А ці развіваўся ў той час жаночы футбол? – запыталі мы Аляксандра Томіна пры канцы размовы.

– Не (усміхаецца). Звестак пра жаночы футбол да Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі няма. Ды і пасля вайны, нават у 1970-я гады, ён трапляў пад забарону. Гэта факт, пра які мала хто ведае. Ну а пры канцы 1980-х сталі праводзіцца жаночыя чэмпіянаты СССР, і нашыя каманды з Горадні ды Магілёва бралі ў іх удзел.

Дзяніс Ганчарэнка belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары