Свет Як туркі ўспрынялі вынікі рэферэндуму


Канстытуцыйны рэферэндум у Турцыі прайшоў з парушэннямі, – паведамілі назіральнікі АБСЕ. Вынікі плебісцыту непакояць і Еўразвяз, але цешаць… Аляксандра Лукашэнку.

Кіраўнік Беларусі першым павіншаваў прэзідэнта Турцыі з перамогаю на рэферэндуме, якая надасць Рэджэпу Эрдагану больш паўнамоцтваў. Пры гэтым ва ўладзе ён зможа заставацца аж да 2029 году.

Гістарычны рэферэндум у Турцыі, паводле афіцыйных папярэдніх звестак, скончыўся перамогаю прыхільнікаў цяперашняга прэзідэнта Рэджэпа Эрдагана. Папраўкі ў канстытуцыю, за якія прагаласавалі крыху больш за 51% грамадзянаў, ператвораць Турцыю ў прэзідэнцкую рэспубліку і надзеляць Эрдагана беспрэцэдэнтнымі паўнамоцтвамі. Ва ўладзе кіраўнік Турцыі, які кіруе краінаю ўжо 14 гадоў, зможа заставацца да 2029 года.

«Як гэта звычайна бывае падчас галасавання, лёгка выбраць тое, што даступна, але абараніць змены цяжэй. Дзякуй богу, мы зрабілі цяжкі выбар і зрэалізавалі самую важную канстытуцыйную рэформу ў гісторыі нашай краіны з дапамогаю нашага народу», – заявіў Рэджэп Эрдаган.

Апазіцыя сцвярджае, што ў ходзе рэферэндуму былі дапушчаныя парушэнні, і мае намер аспрэчыць яго вынікі. Частка бюлетэняў, як аказалася, не мела ўсіх неабходных пячатак.

Амаль 49 % грамадзянаў, паводле папярэдніх звестак, прагаласавалі супраць перадачы ўсёй улады ў краіне Эрдагану. Жыхары Стамбулу правялі акцыю пратэсту супраць вынікаў галасавання. Грамадства раскалолася напалам.

«Я прагаласаваў «супраць» – дзеля будучыні нашай краіны і нашага пакалення, бо цяперашні ўрад кожны раз хлусіць, калі яны памыляюцца. Мы не будзем галасаваць за такі ўрад і за суверэнітэт аднаго чалавека», – кажа жыхар Стамбулу Мухамэд Адэль Кахʼя.

Жыхарка Анкары Тугба Карт адзначае:

«Я не ведаю, што прынясе новая сістэма, але я шчаслівая, што чалавек, якога я падтрымліваю, стаў выканаўчым прэзідэнтам. Я спадзяюся, што новая сістэма будзе добрай. Насамрэч, я не ведаю, што яна прынясе».

Расколам турэцкага грамадства занепакоены Еўразвяз. Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і кіраўнік МЗС Нямеччыны адзначылі, што адказнасць за гэта нясе асабіста Эрдаган.

Чытайце таксама:

Еўрапейскія палітыкі заклікаюць Турцыю да дыялогу з апазіцыяй і захавання верхавенства права.

«У сувязі з нязначнаю перавагай галасоў на рэферэндуме і наступствамі канстытуцыйных зменаў, што далёка ідуць, мы заклікаем турэцкія ўлады да пошуку найбольш шырокага нацыянальнага кансэнсусу пры іх укараненні», – гаворыцца ў заяве Жан-Клёда Юнкера, Фэдэрыкі Магерыні, Ёганэса Гана ды прадстаўнікоў уладаў ЕЗ.

Брусель чакае таксама ацэнкі рэферэндуму міжнароднымі назіральнікамі, якім Эрдаган параіў раней «ведаць сваё месца». У сваю чаргу, нямецкія палітыкі лічаць, што далейшыя перамовы аб уступленні Турцыі ў ЕЗ бессэнсоўныя і павінны быць знятыя з парадку дня.

Лідары іншых краінаў пакуль устрымліваюцца ад каментароў. Аднак віншаванні Эрдагану ўжо паступілі ад кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У 1996 годзе ён перамог у падобным рэферэндуме, які пашырыў ягоныя паўнамоцтвы.

Праблему, якую Лукашэнка развязаў у тым жа галасаванні, Эрдаган мае намер абмеркаваць асобна. Гаворка ідзе пра ўвядзенне смяротнага пакарання. Гэтае пытанне кіраўнік Турцыі збіраецца неадкладна вынесці на асобны плебісцыт. Такі крок закрые для Турцыі дзверы ў Еўразвяз. На пошук новых саюзнікаў часу ў Эрдагана цяпер дастаткова.

Маша Макарава, Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары