Як свет рыхтуецца да 2017-га года


Апошнія прыгатаванні свету ў 2016-м да сустрэчы новага года бадай завершаныя.

У Кітаі, апроч традыцыйных ліхтароў на вуліцах зʼявіліся выявы пеўняў. Менавіта пад гэтым сімвалам па ўсходняму гараскопу пройдзе наступны год.

«Мы дадалі частку дэкаратыўнага асвятлення на вуліцы, плошчы і паркі. Пры гэтым частку гэтых дэкарацыяў мы зможам выкарыстаць і ў наступных годзе і налета гэта дапаможа паменшыць бюджэт свята», – кажа Ўан Сю Ўэнь з дэпартаменту ландшафтнага дызайну кітайскага гораду Ляў-Ян.

Мясцовая жыхарка дзеліцца сваймі ўражаннямі ад дэкарацыяў:

«Я вельмі ганаруся сваім горадам. Я магу адчуваць атмасферу Новага году проста гледзячы на агні, якія робяць мяне вельмі шчасліваю».

Чым бліжэй да свята, тым мацнейшыя і захады бяспекі. Прынамсі ў некаторых краінах свету. У сталіцы Расеі цэнтральныя вуліцы закрываюць адмысловымі бетоннымі блокамі. Самі расейцы кажуць, што гэта не замінае адчуваць свята.

«Узмацненне мераў павінна быць, калі гэтыя меры незаўважаныя, не перашкаджаюць святкаваць, то добра», – мяркуе жыхар расейскай сталіцы.

Адное з найбольш чаканых навагодніх шоў – канфеці над Таймс сквер у Нью-Ёрку. Не зважаючы на незімовае надворʼе і дождж у Вялікім Яблыку правялі апошнюю рэпетыцыю. Цягам апошніх тыдняў, наведнікі Таймс-сквер запісвалі свае пажаданні на наступны год на кавалачках канфеці. А ўжо ў навагоднюю ноч пажаданні паляцяць над мегаполісам. Звычайна на святы ў паветра тут пускаюць амаль паўтары тоны канфеці.

«У нас каля сотні валанцёраў, якія прыехалі сюды з усёй краіны, каб кінуць навагоднія канфеці з дахаў. Калі гэта ідэальны год, то ўсё зойме 10 хвілінаў», – кажа супрадзюсар навагодняга шоў Джэфры Страўс.

Паводле арганізатараў шоў, нягледзячы ні на што, пажаданні людзей традыцыйныя – любові, добрага здароўя, добрай працы ды святла. Як кажуць у Нью-Ёрку, цёплыя словы і шчырыя пажаданні для сямʼі і сяброў – гэта найлепшы спосаб распачаць новы год.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu